Дзевятнаццаць год чакання Ульяны Захаранкі

14 траўня споўніўся год, як ня стала Ульяны Рыгораўны Захаранкі, маці зніклага экс-міністра ўнутраных спраў генерала Юрыя Захаранкі. Грамадскія актывісты з Гомеля сёння наведалі магілу Ульяны Рыгораўны ў мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне, усклалі вянок, піша «Радыё Свабода».

Ульяна Захаранка, 2013 год

Ульяна Захаранка, 2013 год

Дзве смерці

«Мы прыязджалі і прыязджаем да Ульяны Захаранкі не толькі дзеля абавязку, але і з чыста чалавечых памкненняў, — кажа старэйшы гомельскі палітык Уладзімір Кацора. — Гвалт над людзьмі ў самых розных праявах дагэтуль у Беларусі не спыняецца. Сын Ульяны генерал Юрый Захаранка быў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, мы разам працавалі на дэмакратычныя перамены. Увечары 7 траўня 1999 года Юрый ішоў у Мінску з аўтастаянкі дахаты — і знік. Яго нахабна выкралі невядомыя. З таго часу мы перыядычна наведвалі Ульяну Рыгораўну, каб падтрымаць яе ў няўцешным мацярынскім горы».
Гэта было ўдвайне важна, бо незадоўга да гвалтоўнага выкрадання Юрыя не стала і Уладзіміра, старэйшага Ульянінага сына, былога падводніка, які пасля службы на флоце захварэў і памёр падчас аперацыі.
«Дзе ж мне душу дзець? Я ж хвалююся, начамі не сплю. Плачу. Адзін сын служыў у падводніках на атамнай лодцы — памёр без пары. І другога праз год забралі. Хіба ж можна майму сэрцу гэта вытрымаць?» — пераказвала мне свае мацярынскія пакуты Ульяна Рыгораўна.


Выкраданне — як удар маланкі

Выкраданне Юрыя праз год пасля заўчаснай смерці Уладзіміра было для маці як удар маланкі. Ульяна Захаранка перанесла інфаркт і з таго часу моцна хварэла. Адымаліся ногі, мучылі стэнакардыя й сардэчныя прыступы. Шугаў угару крывяны ціск, а праз колькі часу, наадварот, пачаў рэзка зніжацца, і самотная старая ледзве дабіралася да ложка.

У хаце Ульяны Захаранкі, 2009 год

У хаце Ульяны Захаранкі, 2009 год

Ульяне Рыгораўне дапамагалі найперш пляменніца Люба з мужам. Але надзвычай важнай была і ўвага грамадскіх актывістаў, якія імкнуліся хоць неяк суцешыць боль маці. З ініцыятывы Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусь сабрала 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў на тое, каб падвесці ў дом Ульяны Захаранкі прыродны газ — іначай ацяпляць жытло ўзімку было б зусім цяжка.

На клопаты і ўвагу сынавых паплечнікаў Ульяна Рыгораўна неяк заўважыла:

«Калі да мяне прыязджаюць, я так рада, так рада. Мне падаецца, што мой Юра тут. Я не магу ўжо перанесці. Перажываю, перажываю. Як падумаю — куды яны яго дзелі? Можа, дзе й жывы — дзе ў якую іншую дзяржаву заперлі? Іх Гасподзь пакарае!»

«Навошта было зводзіць Юрыя са свету?»

З гадамі надзея Ульяны на тое, што Юрый жывы, канчаткова згасла. Яна не сумнявалася, што раптоўнае знікненьне сына сталася вынікам нейкага канфлікту з Аляксандрам Лукашэнкам. Спадзявалася нават, што кіраўнік дзяржавы мусіць нешта сказаць ёй, няшчаснай маці, якая выплакала па дзецях усе слёзы.

Пры гэтым маці не магла ўзяць у толк, навошта было зводзіць Юрыя са свету, калі ўжо так карцела пакараць яго. Выглядала, што жывога Захаранку проста баяліся як уплывовага сілавіка.

Тым часам і расследаванне выкрадання Юрыя Захаранкі ўзялі на сябе грамадскія актывісты. Гэтым, у прыватнасьці, заняліся былы следчы пракуратуры Алег Волчак і кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская. Яны таксама дапамагалі Ульяне Рыгораўне звяртацца з заявамі ў адпаведныя органы, каб сына прызналі памерлым, а яе, Ульяну Захаранку, пацярпелай. Аднак суды адмаўляліся гэта зрабіць, нягледзячы на заявы маці, а таксама жонкі Юрыя — Вольгі, якая з дочкамі вымушана была эміграваць у Нямеччыну.

Прызнанне памерлым як асабістая параза Лукашэнкі

Логіка рэжыму, праўдападобна, цалкам укладвалася ў просты альгарытм: калі прызнаць Юрыя Захаранку памерлым, трэба ў такім разе адказаць, хто вінаваты ў ягонай смерці. Як заўважыў аднойчы памянёны праваабаронца Волчак: «Прызнанне памерлым Захаранкі — гэта асабістая параза Лукашэнкі».

Ульяна Захаранка з партрэтам сына. 2009 год

Ульяна Захаранка з партрэтам сына. 2009 год

Справу па факце знікненьня экс-міністра, заведзеную на падставе артыкула 101 Крымінальнага кодэксу «Наўмыснае забойства», працягвалі больш за 70 разоў. Ульяна Рыгораўна перыядычна атрымлівала паведамленні на паўаркуша паперы аб працягу расследавання. Насамрэч жа яно выглядала непрыхаванай імітацыяй расследавання, а па сутнасці — здзекам над Ульянай Захаранкай і яе мацярынскімі пачуццямі.

У 2017 годзе, калі Ульяна Захаранка была яшчэ жывая, Камітэт па правах чалавека ААН вынес па яе справе рашэнне, абавязаўшы дзяржаву расследаваць справу аб знікненні апазіцыйнага экс-міністра і кампенсаваць родным маральную шкоду. Аднак ніякіх рухаў у гэтым напрамку не было зроблена, бо Рэспубліка Беларусь лічыць, што рэкамендацыі міжнародных органаў не маюць абавязковага характару.

Справу аб зніклых не расследуюць

І вось ужо пры канцы 2018 года Беларускі дакументацыйны цэнтр атрымаў паведамленне са Следчага камітэту, што прыпынена папярэдняе расследаванне спраў аб знікненні — не толькі Юрыя Захаранкі, але і былога старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Прыпынена, бо не выяўленая асоба, якая падлягае крымінальнаму пераследу. Іншымі словамі, пасля 20-гадовага расследавання следчыя не ўстанавілі, каго прыцягваць у якасці абвінавачанага ў справе гвалтоўнага знікнення апанентаў улады. Адпаведнае паведамленне атрымалі і сваякі зніклых — Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, а таксама давераная асоба сям’і Захаранкі Алег Волчак.

Ульяна Захаранка, 2014 год

Ульяна Захаранка, 2014 год

Выглядае, што следчых не надта зацікавіла змешчаная ў адкрытым доступе інфармацыя праваабаронцаў аб тым, што ў датычнасці да знікненняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, а таксама тэлеаператара Змітра Завадскага падазраюцца былы генеральны пракурор і былы дзяржсакратар Савету бяспекі Віктар Шэйман, былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў і былы камандзір САХРу Зміцер Паўлічэнка, якога называлі «камандзірам беларускага эскадрону смерці».

Анатоль Гатоўчыц, svaboda.org