Дзяніс Садоўскі: Прапановы Ярмошынай ніяк не паўплываюць на дэмакратычнасць выбараў
Адзін з кіраўнікоў кампаніі «Права выбару», адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі пракаментаваў агучаныя старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай прапановы па рэформе выбарчага заканадаўства: спрасціць працэс перадвыбарнай агітацыі, зменшыць працягласць працы выбарчых камісіяў і рэгістраваць кандыдатаў пры наяўнасці памылак у дэкларацыі.
«Беларускае выбарчае заканадаўства патрабуе сур’ёзных зменаў, каб была
магчымасць правесці выбары паводле дэмакратычных стандартаў. Тое, што прапануе
ЦВК, — гэта ніякія не змены, якія ніяк не паўплываюць на дэмакратычнасць і
празрыстасць выбарчага працэсу», — заявіў ён.
Дзяніс Садоўскі нагадаў, што кампанія «Права выбару», у якую уваходзяць розныя
палітычныя арганізацыі, настойвае на трох асноўных пазіцыях, якія сапраўды
могуць палепшыць працэс выбараў у Беларусі.
1) у склад кожнай выбарчай камісіі павінны ўключацца прадстаўнікі штабоў
кандыдатаў, якія балатуюцца па дадзенай акрузе (пры іх жаданні).
2) адмовіцца ад прымусу да датэрміновага галасавання і скараціць час
датэрміновага галасавання да аднаго дня. Пры гэтым дастаткова, каб на адной
акрузе працаваў толькі адзін участак, дзе можна было прагаласаваць датэрмінова.
3) Падлік галасоў павінен адбывацца празрыста і галосна, калі назіральнік, не
замінаючы працы выбарчай камісіі, можа выразна бачыць кожны бюлетэнь і галачку
ў кожным бюлетэні, пры гэтым змест бюлетэня абвяшчаецца ўслых, а таксама
бачыць, што ўсе бюлетэні раскладваюцца па правільных стопках за адпаведнага
кандыдата.
Паводле bchd.info