ЕС паслаў Расію? Кіраўнік дыпламатыі ЕС адказаў на ліст Лаўрова краінам Еўропы
Сяргей Лаўроў, кіраўнік МЗС Расіі, прасіў краіны ЕС паасобку адказаць на яго пытанні наконт бяспекі, але Жазэп Барэль адказаў на прапановы Лаўрова адзіным лістом ад імя Еўрасаюза.
Вярхоўны
прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы Жазэп Барэль адправіў
адзіны адказ ЕС на ліст міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова, у якім той
прасіў адказаць кожную краіну Еўропы асобна на пытанні, звязаныя з міжнароднай
бяспекай, паведамляе www.dw.com са спасылкай на знешнепалітычную службу ЕС.
«У Еўрасаюза адзіная знешняя палітыка і палітыка бяспекі, і наша мэта — дзейнічаць сумесна па ўсіх ключавых пытаннях. Гэта ўключае ў сябе і скаардынаваныя адказы на лісты, калі спатрэбіцца. Толькі тыя, хто хоча раз'яднаць нас, маглі б паставіць пад сумнеў гэтае рашэнне», — падкрэсліў Барэль. Ён адзначыў, што такое рашэнне прынялі ўсе 27 краін-чальцоў ЕС.
Наконт зместу ліста ў паведамленні ведамства гаворыцца толькі, што ў ім ёсць адказы на ўзнятыя Лаўровым пытанні, а таксама пацвярджаецца гатоўнасць Еўрасаюза «працягваць дыялог з Расіяй, каб умацоўваць усеагульную бяспеку». Паводле агенцтва AFP, Барэль у сваім лісце заклікаў Маскву неадкладна адвесці войскі ад мяжы з Украінай і вывесці расійскіх ваенных з Беларусі. А для абмеркавання пытанняў бяспекі «прыдатнымі форумамі» з'яўляюцца АБСЕ, Савет Расія — НАТА і іншыя існуючыя пляцоўкі, цытуе агенцтва адказ Еўрасаюза.
Украінскі палітолаг і блогер Алег Панамарпракаментаваў супольны ліст да Пуціна яшчэ больш проста: «ЕС паслаў Расію». Ён адзначыў: «Гэта прыклад таго, як Расія шукае слабыя месцы сярод краін Захаду, спрабуе раскалоць адзінства. 28 студзеня Лаўроў адправіў лісты кожнаму з 27 чальцоў ЕС (асобна) з патрабаваннямі Расіі па т.зв. гарантыях бяспекі. Сёння кіраўнік знешняй палітыкі ЕС Барэль адправіў Лаўрову ліст ад усіх і кожнага разам, ад усяго ЕС як адзінага цэлага Саюза (нагадаю, што ЗША, НАТА, Вялікабрытанія і Канада пісьмова паслалі Расію раней)».