«Fair play» за вызваленне палітвязняў

Палітыкі, праваабаронцы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і журналісты напярэдадні ЧС пачынаюць кампанію «Сумленная гульня» (Fair play) – ціску на рэжым для вызвалення палітвязняў.



lu_hockey.jpg

16 студзеня ў менскім офісе АГП прадстаўнікі грамадскіх і праваабарончых арганізацый, журналісты, палітыкі і сваякі палітвязняў абмеркавалі, як можна выкарыстаць ЧС па хакею для вызвалення палітвязняў.
У сустрэчы ўзялі ўдзел Анатоль Лябедзька, Антаніна Кавалёва (АГП ), Мечыслаў Грыб (БСДП (Грамада ), Дзмітрый Кучук (Беларуская партыя «Зялёныя» ), Уладзімір Андрыенка ( «Гавары праўду!»), праваабаронцы Таццяна Равяка (ПЦ "Вясна"), Гары Паганяйла (БХК), родныя і блізкія зняволеных: Наталля Пінчук, Марына Лобава, Валянціна Аліневіч, Вольга Завадская.
Па заканчэнні абмеркавання лідэр АГП Анатоль Лябедзька распавёў сайту ucpb.org пра вынікі сустрэчы:
«Пасля сённяшняй сустрэчы мы можам заявіць, што дэ-факта стартавала міжнародная кампанія з рабочай назвай «Сумленная гульня» (Fair play). Мяркую, гэтая назва замацуецца і надалей. Кампанія міжнародная, бо датычыць беларускіх палітычных вязняў, а гэта не ўнутрынацыянальная праблема. Мэта кампаніі адна – зрабіць так, каб палітвязні выйшлі на волю, і гэта тое, што сёння аб’ядноўвала ўсіх.
Ёсць першыя намёткі плана. Натуральна, у міжнароднай кампаніі павінны быць спікеры. Ёсць і прэтэндэнты – Петэр Штясны, вядомы еўрапейскі хакеіст, дэпутат Еўрапарламента. Ад яго слоў і пазіцыі залежыць шмат што. Да яго прыслухаюцца і палітыкі, і спартоўцы. Данесці пазіцыю можна праз відэаролікі, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, дзе прысутнічаюць мільёны людзей. Калі беларус Уэйн Грэцкі таксама скажа, што нам патрэбна сумленная гульня (Fair play) – гэта будзе моцна. Да кампаніі можна далучаць не толькі хакеістаў, але і іншых вядомых людзей, якія маюць не толькі спартовыыя дасягненні, але і грамадзянскую пазіцыю. Вядома, будуць і нацыянальныя спікеры, напрыклад, родныя і блізкія палітвязняў, вядомыя праваабаронцы, грамадскія дзеячы.
Трэба сыходзіць з таго, што кампанія ціску – гэта калі штодня беларускія дыпламаты за мяжой будуць адсочваць інфармацыю пра гэту праблему ў мясцовых СМІ, чуць пра тое, што не можа быць абвешчанага гасцінным года, калі людзі сядзяць у турме, не можа быць сумленнай гульні, калі ёсць палітвязні. Павінны быць заявы на палітычным узроўні ад праваабарончых арганізацый. Хай прыязджаюць нераўнадушныя да гэтай праблемы ў майках з партрэтамі беларускіх палітвязняў, з бел-чырвона-белай сімволікай. А ўлада ведае ўжо сёння – усё гэта абавязкова будзе».
ucpb.org