Гомель: новыя затрыманні супрацоўнікаў «Моцных навін»

Позна вечарам 28 кастрычніка ў Гомелі быў затрыманы супрацоўнік інфармацыйнага рэсурсу "Моцныя навіны" Яўген Сувораў. Ён з’яўляецца адміністратарам сайту, паведамляе Вясна.

Яўген Сувораў. Фота: "Моцныя навіны"

Яўген Сувораў. Фота: "Моцныя навіны"


Падрабязнасці затрымання, а таксама прычыны і абвінавачванні на дадзены момант супрацоўнікам рэдакцыі невядомыя.
Як расказаў "Свабодзе" заснавальнік «Сильных новостей» Пётр Кузняцоў, ноч Яўген правёў у Цэнтральным РАУС. Там ён з супрацоўнікамі міліцыі праглядалі відэа з акцый пратэсту, якія праходзілі ўвосень у Гомлі.
Ранкам Суворава завезлі на допыт у Следчы камітэт як сведку ў справе гібелі 25-гадовага Аляксандра Віхора.
“Моцныя навіны” нагадваюць, што ў панядзелак, 26 кастрычніка, перастала выходзіць на сувязь кіраўніца відэааддзела Надзея Пужынская.
Што з ёй і дзе яна, на дадзены момант рэдакцыі таксама невядома. Вядома толькі, што ні ў адным з РАУС, роўна як у ІЧУ і СІЗА яна не знайшлася.
Раней, 3 кастрычніка затрымлівалі галоўнага рэдактара Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, які таксама працуе ў рэдакцыі. У іх доме прайшоў ператрус. Затым ператрус адбыўся і ў самой рэдакцыі.