Ігар Аліневіч правёў у ШЫЗА 30 сутак

Палітвязень Ігар Аліневіч правёў у ШЫЗА Віцебскай калоніі 30 сутак. Ён быў пакараны штрафным ізалятарам за адмову мыць месцы агульнага карыстання.



oliniev_igorioks.gif

Бацькі палітвязня, Валянціна і Уладзімір, змаглі атрымаць кароткае спатканьне з сынам. Таксама ў бацькоў прынялі прадуктовую перадачу ды цёплыя рэчы.

Валянціна Аліневіч паведаміла «Свабодзе», што спатканне працягвалася паўтары гадзіны праз шкло ды тэлефон, чаго безумоўна было мала. Апошні раз яна з мужам бачыла Ігара ў чэрвені, перад яго этапам з Наваполацкай калоніі. За гэты час Ігар толькі аднойчы пазваніў з «Віцьбы».

Валянціна Аліневіч сказала: «Пра нейкія непрыемнасці ды нягоды сын шмат не казаў. Сказаў, што трэба чытаць Салжаніцына, у якога ўсё напісана. Менавіта на піку выпрабаванняў да чалавека прыходзіць разуменне важных у жыцці рэчаў. Выглядае сын някепска, хоць і схуднеў ды праседзеў 30 сутак у камеры без свежага паветра. Аднак перад намі быў абсалютна спакойны і вольны чалавек. На сустрэчу Ігар надзеў свой улюбёны шалік, які два гады таму яму перадалі былыя польскія палітвязні. Сын шмат пытаўся пра сваю бабулю, якая нядаўна памерла, а лістоў пра гэта яму так і не аддалі. З перыёдыкі ён атрымлівае толькі тыя газеты, якія яму выпісалі. Выданні «Новы Час» і «Свободные новости плюс», якія яму высылалі рэдакцыі, не аддалі. Ігар сказаў, што пасля ШЫЗА літаральна накінуўся на тую прэсу, якая чакала яго месяц — столькі падзеяў адбылося».

З прызначаных васьмі гадоў пазбаўлення волі актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч адбыў чатыры. Сваёй віны (хуліганскія дзеяньні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў) ён не прызнаў. Адмовіўся і пісаць прашэнне аб памілаванні. За кратамі напісаў кнігу пра ўтрыманьне ў СІЗА КДБ «Еду ў Магадан».