Ігар Маслоўскі: Канстытуцыя гарантуе права грамадзян, а не будынкаў

У Брэсце сацыял-дэмакратам забаранілі першамайскую дэманстрацыю.



20211_9.jpg

Першамайская дэманстрацыя ў Брэсце, 2013 год.

Заяўка на дэманстрацыю была пададзена Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі РБ, Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», Міжнароднага пакта «Аб грамадзянскіх і палітычных правах».

«Дзяржава не выконвае абавязкі перад уласным народам», — пад такім лозунгам планавалі правесці першамайскую дэманстрацыю брэсцкія сацыял-дэмакраты.

«Мэты дэманстрацыі звязаныя з абаронай працоўных, сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі. У першую чаргу мы хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці і органаў дзяржаўнай улады да сістэматычнага невыканання дзяржавай абавязкаў перад уласным народам, згодна з Канстытуцыяй. Дзяржава не стварыла і не стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва, не гарантавала і не гарантуе людзям наёмнай працы ўзровень даходаў, які забяспечвае ім і іх сем'ям свабоднае і годнае існаванне. У краіне скарачаюцца працоўныя месцы, у той жа час ўводзіцца падатак на беспрацоўных. Ва ўсім свеце ёсць практыка ўвядзення падатку на багатых, але ніяк не наадварот. Таму на дэманстрацыі мы мелі намер выказаць пратэст у сувязі з прыняццем Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» і патрабаваць яго адмены» — кажа старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.

Па словах палітыка, 1 мая — гэта дзяржаўнае свята і Міжнародны дзень салідарнасці працоўных ў барацьбе за свае правы, які традыцыйна адзначаюць сацыял-дэмакраты ў Беларусі і ў свеце.

«Акрамя таго, мы хацелі прыцягнуць увагу органаў улады да шэрагу мясцовых праблем: неабходнасць будаўніцтва школ, дзіцячых садоў і ўстаноў аховы здароўя ў шэрагу мікрараёнаў Брэста, своечасовы і якасны рамонт дарожнага пакрыцця, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, будаўніцтва дзіцячых пляцовак, азеляненне тэрыторый» — дадаў Ігар Маслоўскі.

Брэсцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні дэманстрацыі ў абарону сацыяльна-эканамічных правоў.

Фармальнай падставай для адмовы паслужыла, тое, што ўдзельнікі масавага мерапрыемства мелі намер праходзіць на адлегласці менш за 50 метраў ад устаноў адукацыі, аховы здароўя і органаў улады. «У цэнтры горада проста такіх месцаў практычна няма, дзе можна правесці дэманстрацыю на большай адлегласці. Цікава спытаць ва ўладаў, так званыя «начныя ваўкі» праязджалі на якой адлегласці ад такіх устаноў у Брэсце? Бо гэта таксама масавае мерапрыемства! Канстытуцыя гарантуе права грамадзян, а не будынкаў!» — каментуе адказ гарвыканкама Ігар Маслоўскі.

Нагадаем, што ў 2013 годзе ў Брэсце ўпершыню за 13 гадоў гарвыканкам дазволіў правядзенне першамайскай дэманстрацыі па такім жа маршруце.