Ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі заявіла пра збор ста тысяч подпісаў

У ініцыятыўную групу Цярэшчанкі ўваходзіць больш за 900 чалавек. Ён тройчы (у 1994, 2001 і 2010 гадах) вылучаўся ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта, адзін раз быў зарэгістраваны кандыдатам — у 2010 годзе. Паводле даных Цэнтрвыбаркама, у 2010 годзе за Цярэшчанку прагаласавалі 1,19% выбаршчыкаў. 



sbor_podpisej_245.jpg

Ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты эканаміста Віктара Цярэшчанкі сабрала больш за сто тысяч подпісаў. Аб гэтым БелаПАН паведаміў кіраўнік групы Алег Несцяркоў.

Паводле яго слоў, на вечар 8 жніўня колькасць сабраных подпісаў склала 104 тысячы, з улікам графіка збору на 10 жніўня плануецца сабраць 120 тысяч подпісаў. 


"Да канца этапу збору подпісаў мы плануем дасягнуць лічбы ў чвэрць мільёна сабраных подпісаў. Запас у нас ёсць ужо цяпер, але мы не будзем зніжаць абароты, бо гэты этап разглядаем у якасці магчымасці пашырыць кола патэнцыяльных выбаршчыкаў, якія змогуць аддаць свае галасы ў падтрымку нашага прэтэндэнта", — сказаў Несцяркоў. 


Кіраўнік ініцыятыўнай групы таксама адзначыў, што ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі сабраныя подпісы будуць здавацца пазней, калі будзе праведзена іх унутраная праверка і завершыцца апрацоўка ўсіх даных. 
Збор подпісаў праходзіць з 23 ліпеня па 21 жніўня. Цяпер неабходную для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты колькасць подпісаў сабрала ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміла 6 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, у тэрытарыяльныя камісіі здадзена больш як 500 тысяч подпісаў у падтрымку вылучэння дзейнага прэзідэнта. 


Паводле даных на 6 жніўня, у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Анатоля Лябедзькі было сабрана прыкладна 42 тысячы подпісаў. Паводле даных на 7 жніўня ў падтрымку Сяргея Калякіна — 54 тысячы, Сяргея Гайдукевіча — 88 тысяч. Паводле даных на 8 жніўня ў падтрымку Таццяны Караткевіч сабрана 75 тысяч подпісаў. Пра збор 72 тысяч подпісаў заяўляла ініцыятыўная група Мікалая Улаховіча. Жанна Раманоўская пакуль не паведамляла пра колькасць сабраных за яе подпісаў. 


Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 11 кастрычніка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН