Яцанюк хоча «жэнеўскага фармату»

«Украіна не будзе весці перамовы наўпрост «з расійскімі наймітамі і тэрарыстамі», пра гэта на пасяджэнні Кабінэту міністраў заявіў прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк, заклікаўшы Расію выконваць мінскія пагадненні.



jacaniuk1.jpg

«Рэагуючы на стандартныя заявы расійскага боку, хацеў бы яшчэ раз адзначыць, што гэта агульная пазіцыя кіраўніка ўкраінскай дзяржавы і ўраду, што найлепшы і самы эфектыўны фармат правядзення перамоў — гэта жэнеўскі фармат. Расія ўсімі сіламі і сродкамі спрабуе адмовіцца ад гэтага фармату, і яна нам прапануе Абхазію нумар 2 на тэрыторыі Украіны. Мы наўпроставыя перамовы з расійскімі тэрарыстамі весці не будзем! Калі хочаце міру, выконвайце мінскія пагадненні. Для гарантый патрэбны той фармат, прымальны для ўсяго свету і ў першую чаргу — для Украіны. Таму мы настойвалі і настойваем на неабходнасці выконваць ўсе 12 пунктаў мінскіх дамоўленасцей », - падкрэсліў Яцанюк.
Паводле яго слоў, менавіта Расія і Крэмль зрабілі насельніцтва Данецку і Луганску закладнікамі і вядуць сітуацыю да гуманітарнай катастрофы.
Раней расійскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў, што жэнеўскі фармат перамоваў — пройдзены этап і што ён «быў карысны у пэўнай ступені, пакуль не было наўпроставага дыялогу паміж Кіевам і паўднёвым усходам».
Першапачатковыя міжнародныя крокі ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне абмяркоўваліся ў Жэневе 17 красавіка. Украіна заклікае Расію, ЗША, Еўрасаюз вярнуцца да перамоваў у жэнеўскім фармаце. Была прапанаваная і ідэя веймарскага фармату з удзелам Нямеччыны, Польшчы і Францыі.
svaboda.org