Мінск — камфортнае месца для прарасійскіх сепаратыстаў
Расія катэгарычна выступае супраць таго, каб працэс мірнага ўрэгулявання ва Украіне пераносіўся з Мінску ў любое іншае месца свету, — заявіў сёння міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў падчас візіту ў Мінск.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Расіі ўдзельнічаў у сумесным паседжанні калегіяў Міністэрстваў замежных спраў дзвюх краінаў. Лаўрова прыняў кіраўнік Беларусі Аляксандар
Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі і абодва міністры заявілі, што сітуацыя ва Украіне не паляпшаецца, а пагаршаецца. Так, Аляксандар Лукашэнка адзначыў:
«Мы не можам пагадзіцца з тэндэнцыяй пагаршэння сітуацыі ва Украіне, не толькі ў Данбаскім, Данецкім рэгіёнах, але і ў цэлым ва Украіне. Мы вельмі спадзяваліся, што пасля выбараў
сітуацыя будзе развівацца ў лепшым напрамку, у напрамку стабільнасці. Але, на жаль, мы гэтага не бачым», — сказаў Лукашэнка.
Адзіны шлях да паляпшэння сітуацыі ляжыць праз узнаўленне дыялогу па Украіне ў мінскім фармаце, — заявіў сёння Сяргей Лаўроў:
«Мы па-ранейшаму працягваем зыходзіць з таго, што Мінск з'яўляецца вельмі камфортнай пляцоўкай для таго, каб працягваць непасрэдны дыялог паміж кіеўскімі ўладамі і прадстаўнікамі
Паўднёвага Усходу. Іншага шляху ўрэгулявання гэтага крызісу не існуе.
Я перакананы, што ніякіх ровараў прыдумляць больш не трэба. Ёсць мінскі фармат, фармат кантактнай групы. Гэта адзіны на сённяшні дзень фармат, дзе прадстаўленыя і кіеўскія ўлады, і лідэры
Паўднёвага Ўсходу пры ўдзеле Расіі і АБСЕ. І, галоўнае, ён прадугледжвае непасрэдны дыялог бакоў. Спробы яго размыць, прадставіць, што апалчэнцы, кіраўнікі Паўднёвага Усходу могуць сядзець дзесці
ўбаку, а дарослыя паспрабуюць дамовіцца паміж сабой, пасля чаго скажуць, што Паўднёвы Усход ашалеў, — гэта спробы абсалютна ілюзорныя».
Вадзім Карасёў, дырэктар Украінскага інстытуту глабальных стратэгіяў, так каментуе нежаданне расійскага міністра адкрыць новую пляцоўку па ўкраінскай сітуацыі, напрыклад,
берлінскую:
«Таму што любы іншы фармат, акрамя мінскага, размывае ўплыў Масквы на перамовы. Таму што за ДНР і ЛНР стаіць Масква. А па-другое, любы іншы фармат робіць канфлікт Украіны і Данбасу,
альбо цэнтральнай улады і Данбасу, міжнародным. І трансфармуе мадэль канфлікту з унутранага ўкраінскага, што выгодна Расіі, у канфлікт Украіны і Расіі. І робіць яго міжнародным.
А мэта Масквы — у тым, каб канфлікт разглядаўся як унутраны, каб у перамовах ад Украіны ўдзельнічалі два палітычныя суб’екты. А Расія пры гэтым паўстае не як бок канфлікту, а
як мадэратар і пасярэднік».
Лаўроў сёння фактычна раскрыў, чаму Масква так трымаецца за Мінск як за адзінае месца перамоваў па Украіне, — лічыць мінскі палітолаг Андрэй Фёдараў:
«Бо няма ніякай упэўненасці, што ў іншым месцы ўкраінскія сепаратысты будуць запрошаныя да ўдзелу ў перамовах. Ці будуць адчуваць сябе так камфортна, як у Мінску. Вось менавіта гэта і
прычына такіх паводзінаў Крамля».
Сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў фармаце «Украіна — Расія — АБСЕ» наконт урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны адбываліся ў Мінску. Ключавыя пункты
пагадненняў, дасягнутых 5 і 18 верасня, прадугледжваюць часовае спыненне агню, адвод цяжкай артылерыі, абмен палоннымі, урэгуляванне кантролю расійска-украінскай мяжы і інш. Яны абавязковыя для
выканання абодвума бакамі. Украінскі бок не раз заяўляў пра факты парушэння рэжыму спынення агню з боку сепаратысцкіх фармаванняў на ўсходзе Украіны.
svaboda.org