Андрэй Макарэвіч адсудзіў 500 тысяч рублёў у Праханава

Савелаўскі суд Масквы сёння задаволіў пазоў музыкі Андрэя Макарэвіча і абавязаў газету «Известия» абвергнуць звесткі пра тое, што ў жніўні гэтага года спявак нібыта даў канцэрт у Славянску для ўкраінскіх вайскоўцаў.



makar_adsudziu.jpg

Па рашэнні суда адказчыкі, сярод якіх таксама быў журналіст Аляксандр Праханаў і ТАА «Айньюс», якое выдае газету, павінны абвергнуць распаўсюджаную інфармацыю. Акрамя таго, журналіст абавязаны выплаціць музыканту 500 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды (сам Макарэвіч прасіў спагнаць з журналіста ў два разы больш). Акрамя гэтага, Праханаў аплаціць судовыя выдаткі ў памеры 8,5 тысячы рублёў. Аналагічная сума выдаткаў спагнаная і з ТАА «Айньюс».
Згодна з рашэннем суда, выніковая частка яго рашэння, у якой распаўсюджаная інфармацыя прызнана неадпаведнай рэчаіснасці, павінна быць апублікаваная на старонках газеты і на інтэрнэт-сайце выдання пасля ўступлення судовага акта ў сілу.
Нагодай для звароту музыкі ў суд з пазовам аб абароне гонару і годнасці стаў апублікаваны на старонках газеты «Известия» 17 жніўня гэтага года артыкул «Спевакі і падлы». Як заявіла ў судзе юрыст Анастасія Растаргуева, якая прадстаўляе інтарэсы істца, у ёй былі распаўсюджаныя сцвярджэнні аб фактах, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і «носяць ганебны характар».
Адвакат удакладніла, што музыканта абурыла інфармацыя аб тым, што ён паехаў ва Украіну і ў размяшчэнні ўкраінскіх войскаў у Славянску «на фоне дымлівых руін і крыві» нібыта даў канцэрт. «Аўтар дапусціў сцвярджэнне аб тым, што музыка Макарэвіча натхняла ўкраінскіх артылерыстаў, якія адразу ж пасля канцэрта адправіліся на пазіцыі, і з цяжкіх гаўбіц дзяўблі дамы, раздзіралі на часткі ўкраінскіх дзяўчынак», — цытавала прадстаўнік істца.
Яна падкрэсліла, што Макарэвіч на самай справе ніколі не даваў канцэрт у Славянску ў размяшчэнні ўкраінскіх войскаў, а выступаў у турыстычным комплексе, які быў пераабсталяваны пад лагер у бежанцаў у Святагорску.
Паводле bfm.ru