Як галоўны спецыяліст Беларусі наш міжнародны гандаль «павырашаў»

Тавараабарот з тымі краінамі, куды Лукашэнка ладзіць «рабочыя візіты», мізэрны, і мэтазгоднасці ў такіх паездках амаль няма. Затое абыходзяцца яны дзяржаўнаму бюджэту ў істотную капеечку.

_belarus_lida_horad_sneh_2023_fota_novy_czas__10__logo.jpg

14 снежня Лукашэнка прыляцеў у Султанат Аман: у аэрапорце яго сустрэлі міністр замежных спраў і прэзідэнт Інвестыцыйнага агенцтва краіны. Не прэзідэнцкі ўзровень, мякка кажучы.

Наступнымі днямі Лукашэнка правёў перамовы з султанам Амана Хайсам бен Тарэк Аль Саідам, наведаў музей і порт, а 19 снежня быў ужо ў ААЭ.

Гэта быў ужо другі візіт у Султанат Аман — першы прайшоў у 2007 годзе. Як адзначае ў размове з «BGmedia» палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч, дзяржаўная прапаганда падае цяперашнюю паездку як «велізарную перамогу, як вялікі дыпламатычны прарыў».

— Сапраўды, у пэўным сэнсе гэты візіт з’яўляецца вельмі добрай ілюстрацыяй да таго, што такое замежная палітыка і якія рысы яна пачынае набываць апошнім часам, — кажа Валерый Карбалевіч.

Звычайна замежныя лідары робяць візіты ў краіны, дзе праглядаюцца перспектывы супрацоўніцтва — перспектывы гандлю, перспектывы інвестыцый. Дый увогуле якія ўяўляюць перспектывы для ўзаемнага супрацоўніцтва ў эканамічным, палітычным, магчыма, у ваенным плане. Аднак ужо другі год мы назіраем, як Лукашэнка ладзіць візіты ў краіны, якія зусім мала цікавыя Беларусі: ён ездзіць у Афрыку, лётаў у Манголію, цяпер — у Аман.

Справа ў тым, што гандаль паміж Беларуссю і Аманам настолькі маленькі, што ў вялізным артыкуле на «Белта», які спадарожнічаў гэтаму візіту і дзе было вельмі многа пафасных слоў адносна супрацоўніцтва, пасаромеліся назваць лічбу тавараабароту паміж краінамі. Аказваецца, што летась тавараабарот паміж Беларуссю і Аманам склаў толькі 5 мільёнаў долараў. Гэта настолькі мізэрныя лічбы, што можна сказаць пра адсутнасць гандлю.

Больш за тое, у Беларусі няма амбасады Амана і наадварот: у Амане няма беларускага дыпрадстаўніцтва. Функцыю амбасадара выконвае беларускі амабасадар у Егіпце па сумяшчальніцтве. І калі ў міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова спыталі пра перспектывы адкрыцця амбасады, то ён адказаў вельмі цьмяна і няпэўна: маўляў, калі гандлёвае, турыстычнае супрацоўніцтва дасягне нейкай кропкі, тады і будзем думаць над адкрыццём амбасады.


Глядзіце таксама

То-бок, МЗС Беларусі добра разумее, што асаблівага сэнсу ў гэтым візіце няшмат. Наведаў музей, наведаў порт — таксама, мусіць, карысна для пашырэння кругагляду. Але казаць пра нейкія перспектывы ў гэтай краіне наўрад ці можна, — адзначыў Валерый Карбалевіч.

Але гэта не адзінкавы выпадак, гэта тэндэнцыя, якая праяўляецца на працягу апошніх гадоў. Пытанне трэба ставіць рубам: а навошта ўвогуле ладзіць бессэнсоўныя візіты? Ці пакрывае эканамічны эфект падобных ваяжаў дзяржаўныя расходы на іх арганізацыю і правядзенне?

— Сэнс гэтых візітаў іншы, чым прынята ў міждзяржаўных адносінах. З улікам таго, што з Амана Лукашэнка паляцеў у ААЭ, то можна сказаць, што візіт у Аман — проста па дарозе ў Эміраты. У Эміраты Лукашэнка лётае кожны год прыкладна ў лістападзе-снежні, як правіла, дзеля адпачынку. Але на афіцыйным узроўні гэта аб’яўляецца рабочым візітам, — падкрэслівае аналітык.

Падобна да таго, што Лукашэнка зноў выправіўся на адпачынак у Эміраты, а па дарозе зазірнуў у Султанат Аман.

— Яшчэ сэнс падобных візітаў палягае ў тым, каб даказаць (каму? Беларускаму грамадству, беларускай наменклатуры, замежным суб’ектам), што ў Беларусі ёсць замежная палітыка, што яна не зводзіцца толькі да камунікацыі з расійскімі губернатарамі. І паказаць, што нібыта няма аніякай міжнароднай ізаляцыі, аніякага статусу міжнароднага ізгоя, што беларускі кіраўнік паважаны ў свеце: бачыце, сам султан з ім сустракаецца. І ўвогуле яго прызнаюць «прэзідэнтам» Беларусі ў многіх краінах Усходу і Поўдня. Гэта толькі Еўропа з нейкіх несправядлівых матываў адмаўляецца яго прызнаваць.


Глядзіце таксама

Дык ці акупляюцца дзяржаўныя выдаткі на арганізацыю падобных замежных гастроляў?

— Візіты ёсць, вось толькі плён ад гэтых візітаў невялікі. Бачыце, у краіны, з якімі Беларусь мае даволі вялікі гандлёвы абарот, с суседзямі (Польшчай, Літвой, з якімі тавараабарот складае некалькі мільярдаў долараў), Лукашэнка не ездзіць. А ездзіць у краіны, з якімі аніякага гандлю няма. Таму і ўзнікае пытанне: чым больш Лукашэнка раз’язджае па свеце, тым горш для беларускага гандлю, — рэзюмуе Валерый Карбалевіч.