Янукевіч: Правам сілы Расія гатова актыўна карыстацца супраць любой суседняй краіны
Партыя БНФ "выказвае глыбокае абурэнне той авантурай, якую кіраўніцтва Расіі ажыццяўляе ва Украіне". Аб гэтым гаворыцца ў прынятай 15 сакавіка ў Мінску спецыяльнай заяве сойма арганізацыі аб неабходнасці абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах агрэсіі Расіі ва Украіне.

"Мы разглядаем фактычную акупацыю тэрыторыі ўкраінскай дзяржавы расійскімі войскамі як акт агрэсіі, якую рэваншысцкія сілы робяць з мэтай помсты народу
Украіны за яго еўрапейскі выбар, імкнучыся дэстабілізаваць дзяржаву і захапіць частку яе тэрыторыі", — гаворыцца ў дакуменце.
Партыя БНФ выказвае "глыбокую трывогу пагрозай перагляду межаў ва Усходняй Еўропе, якая ўзнікла ў выніку агрэсіўных дзеянняў Расіі і інспірыраванага Расіяй марыянетачнага ўрада
сепаратыстаў". "Прызначаны на 16 сакавіка рэферэндум, які праходзіць пад наглядам інтэрвентаў і ў атмасферы тэрору і беззаконнасці, не можа лічыцца легітымным. Гэта ўсяго толькі
псеўдаправавое афармленне вынікаў расійскай інтэрвенцыі на тэрыторыю незалежнай дзяржавы", — адзначаецца ў заяве.
Партыя БНФ заклікае сусветную супольнасць "цвёрда выступіць у абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя формы націску на ўрад Расіі з мэтай прымусіць яе
адмовіцца ад планаў захопу тэрыторыі Украіны".
"Мы бачым, што ўсе міжнародныя нормы і дагаворы, якія забяспечвалі мір і стабільнасць і суіснаванне краін у нашым рэгіёне, больш не працуюць, — адзначыў, выступаючы
на сойме, лідар партыі Аляксей Янукевіч. — Таму што Расія ў аднабаковым парадку парушыла ўсе гэтыя нормы і законы і паказала, што адзінае, што яна прызнае, — гэта
права сілы. І гэтым правам сілы Расія гатова актыўна карыстацца супраць любой суседняй краіны.
Усе ўкраінскія падзеі могуць быць паўтораныя Расіяй і ў Беларусі. Думаю, гэта цудоўна разумеем мы, цудоўна разумее і Аляксандр Лукашэнка, які ўсёй сваёй палітыкай за мінулыя 20 гадоў
падрываў здольнасць Беларусі абараняць свае нацыянальныя інтарэсы, падрываў беларускую незалежнасць якраз на карысць Расіі. Сёння ён сам аказваецца ў гэтай пастцы і завёў у яе ўсю
Беларусь".
На думку Янукевіча, вельмі важна, каб Беларусь была выведзеная з інфармацыйнага поля Расіі. "Мы не супраць расіян, — патлумачыў ён, — але мы не
хочам, каб прапаганда вайны, міжнацыянальнай варожасці, якая вядзецца расійскімі тэлеканаламі, адбывалася ў Беларусі. Гэта супярэчыць беларускім законам і нашым нацыянальным
інтарэсам".
Партыя звяртае ўвагу кіраўніцтва краіны на неабходнасць надання юрыдычнай сілы гарантыям Будапешцкага мемарандума 1994 года, якое немагчыма без нармалізацыі адносінаў Беларусі з Захадам
паля вызвалення ўсіх палітзняволеных. "У якасці першачарговых мер патрабуецца вывад з тэрыторыі Беларусі ўсіх расійскіх вайсковых падраздзяленняў і аб`ектаў, перагляд усіх дамоўленасцяў з
Расіяй і выхад Беларусі з АДКБ", — заяўляюць у арганізацыі.
БелаПАН