Ярмошына: Правядзенне рэферэндуму залежыць ад кіраўніка дзяржавы

Пытанне з правядзеннем рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю, які анансаваў кіраўнік дзяржавы, застаецца адкрытым.

jarmo_1001_1.jpg


Пра гэта заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына, адказваючы сёння на пытанні журналістаў.
15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з суддзямі Канстытуцыйнага суда і паведаміў, што наспелі змены ў Канстытуцыю.
Аднак памяняць Канстытуцыю немагчыма без рэферэндуму, пацвердзіла Ярмошына. Якія менавіта змены плануюцца, чыноўніца не ведае. Таксама яна не можа сказаць, ці будзе гэты рэферэндум праведзены сёлета. Па словах Ярмошынай, гэта застаецца адкрытым пытаннем і залежыць толькі ад ініцыятара — кіраўніка дзяржавы.
Разам з тым яна паведаміла, што падрыхтаваць правядзенне рэферэндуму можна за 60 дзён. Выбарчыя камісіі засталіся яшчэ пасля мясцовых выбараў — яны могуць працаваць і пры падліку галасоў на рэферэндуме.
Ярмошына не змагла сказаць, колькі будзе каштаваць правядзенне рэферэндуму. Але сума, на думку старшыні ЦВК, будзе нязначнай: тыднёвы заробак чальцоў выбаркамаў і друк улётак. 
euroradio.fm