Еўракамісар Ёханэс Хан сустрэўся ў Мінску з апазіцыянерамі

Яны абмеркавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі. У пятніцу можа адбыцца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.



62fe3ded_a8f0_46bd_a08b_56ed3fee10cc_w640_r1_s_cx0_cy10_cw0.jpg

16 красавіка ў Мінску адбылася сустрэча еўракамісара ЕС па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Ёханэса Хана з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. У ёй удзельнічалі лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Вольга Кавалькова і Уладзімір Някляеў, які назваў сябе прадстаўніком грамадзянскай супольнасці.

На сустрэчы было агаворана, што яе ўдзельнікі не стануць цытаваць канкрэтныя заявы адзін аднаго, адзначае БелаПАН. Паводле слоў Аляксея Янукевіча, уздымаліся пытанні пагрозы незалежнасці Беларусі, сітуацыі ў рэгіёне, праблема палітзняволеных, пытанні дыялогу паміж уладамі Беларусі і ЕС, а таксама прагаворваліся магчымыя сцэнарыі развіцця падзей на прэзідэнцкіх выбарах гэтага года.

Нагадаем, галоўнай мэтай візіту Ёханэса Хана ў Мінск 16-17 красавіка з'яўляецца вывучэнне магчымасці паляпшэння адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Апошні раз еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства (Штэфан Фюле) наведваў Беларусь у 2010 годзе.

Радыё Свабода адзначае, што на 17 красавіка запланаваная сустрэча еўракамісара з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Таксама не выключана, што Ёханэс Хан можа сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Фота: AFP

euroradio.by