Юрый Лявонаў: судовая і следчая сістэмы Беларусі не адпавядаюць нормам грамадзянскага права

Юрый Лявонаў — адзін з фігурантаў справы «ваўкавыскіх прадпрымальнікаў» — лічыць, што больш не цікавы следству. Паводле меркавання прадпрымальніка, змяненне меры стрымання на падпіску аб нявыездзе азначае заканчэнне следчых дзеянняў у дачыненні да яго. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары Мінска на вуліцы Валадарскага.

Юрый Лявонаў — адзін з фігурантаў справы «ваўкавыскіх прадпрымальнікаў» — лічыць, што больш не цікавы следству. Паводле меркавання прадпрымальніка, змяненне меры стрымання на падпіску аб нявыездзе азначае заканчэнне следчых дзеянняў у дачыненні да яго. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары Мінска на вуліцы Валадарскага.
«Я больш не цікавы для следчых органаў, як, зрэшты, не быў цікавы ім і ад пачатку майго арышту», — заявіў прадпрымальнік на першай пасля свайго вызвалення прэсавай канферэнцыі. І дадаў, што з цяжкасцю ўяўляе, чым могуць быць цікавыя следству Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка. Юрый Лявонаў падкрэслівае, што не мае ніякага дачынення да абвінавачванняў у падпале маёмасці ваўкавыскіх чыноўнікаў. Аўтуховіча і Асіпенку ён таксама лічыць невінаватымі па гэтай справе.
Лявонаў сцвярджае, што не валодае інфармацыяй па другой справе аб тэрарызме, якую распачалі супраць Мікалая Аўтуховіча. «Усю інфармацыю наконт гэтага я атрымліваю з недзяржаўных газет, мяне нават не дапытвалі па гэтай справе», — паведаміў прадпрымальнік. Разам з тым Лявонаў надзвычай станоўча ахарактарызаваў Мікалая Аўтуховіча, назваўшы яго неардынарным і мужным чалавекам, які здольны адстойваць свае правы і змагацца. Ён лічыць неабгрунтаванымі закіды Аўтуховічу, што той насамрэч не трымаўся галадоўкі пратэсту (прадпрымальнік патрабаваў або перадаць справу ў суд, або змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе) на працягу дзевяноста двух дзён.
«Так можа гаварыць толькі чалавек, які не ведае Мікалая. Я яго ведаю і ведаю, на што ён здольны», — падкрэсліў Лявонаў. Таксама Юрый Лявонаў лічыць, што галадоўка Мікалая Аўтуховіча «падняла справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў на касмічную вышыню», і не ў апошнюю чаргу паўплывала на вызваленне яго з-пад варты. Сваю ролю, паводле Лявонава, адыграла і ўвага да справы прадпрымальнікаў СМІ, амбасадаў краін ЕС, ЗША ў Беларусі.
Расказваючы пра свае ўражанні ад следства, Юрый Лявонаў зазначыў, што цяпер судовая і следчая сістэмы Беларусі не адпавядаюць нормам грамадзянскага права і прынцыпам дэмакратыі. Найперш таму, што перасталі абараняць правы шараговых грамадзян. «У заканадаўстве ёсць такія паняцці, як прэзумпцыя невінаватасці і ўнутраная перакананасць суда. Але яны не працуюць на карысць грамадзян, а толькі каб дагадзіць сістэме, — перакананы Лявонаў. — Я думаю, што другі судовы працэс пойдзе па такім жа сцэнарыі, як і наш першы ў 2006 годзе. Суддзя не прыме да ўвагі прэзумпцыю невінаватасці, а сваю ўнутраную перакананасць пакладзе на шалі следчых органаў, абвінавачвання. Суд не будзе разглядаць доказы абароны, гэтак жа, як і на першым судовым працэсе, калі нам сказалі, што не бачаць сэнсу далучаць да справы матэрыялы, падрыхтаваныя абаронай».
«Першая справа», пра якую ўзгадаў Юрый Лявонаў, адносіцца да 2006 года. Тады яго і Мікалая Аўтуховіча асудзілі за незаконны занятак прадпрымальніцкай дзейнасцю і ўхіленне ад выплаты падаткаў. Аўтуховіч быў прыгавораны да трох гадоў і шасці месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу пяці гадоў. Юрый Лявонаў, які тады ўзначальваў фірму «Ніка-транс», атрымаў тры гады і пяць месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Яго, як і Аўтуховіча, пазбавілі права на працягу пяці гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Агульная сума судовых іскаў, якія дагэтуль засталіся нясплочанымі, складала каля аднаго мільёна долараў.
Юрый Лявонаў не пагаджаецца з меркаваннем, што ў іх цяперашняй справе няма палітыкі. «Сёння бізнес, эканоміка немагчымая без палітыкі, усе працэсы ў эканоміцы палітызуюцца», — заўважыў прадпрымальнік. Дарэчы, Лявонаў накіроўваў скаргу на імя генпракурора наконт парушэнняў падчас вядзення следства.
У гэтым яго пункт гледжання разыходзяцца з высновамі, якія зрабіў міжнародны эксперт у сферы крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права Марцін Фінке. Доктар Фінке прыйшоў да высноў, што справа ў дачыненні да ваўкавыскіх прадпрымальнікаў расследуецца без юрыдычных парушэнняў і не мае палітычнай падкладкі. «Нашы эксперты не горшыя за еўрапейскіх, але яны не здольныя выказваць сваю думку. У кулуарах гавораць адно, а афіцыйна гэта агучыць не хапае духу», — заўважыў Юрый Лявонаў.
Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Цэнтр па правах чалавека» Раіса Міхайлоўская паведаміла, што бліжэйшым часам праваабаронцы накіруюць зварот да кіраўнікоў краін ЕС, ЗША і Расіі з просьбай аказаць садзейнічанне ў незалежным расследаванні справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, а таксама падтрымаць заклік праваабаронцаў аб правядзенні адкрытага суда над фігурантамі справы «ваўкавыскіх прадпрымальнікаў».
Даведка
Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку затрымалі сёлета 8 лютага, праз дзесяць дзён ім прад’явілі абвінавачанне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае пашкоджанне маёмасці). 17 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў распаўсюдзіла заяву, што «23 чэрвеня 2009 года галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Аўтуховіча М. М. і іншых асоб распачата крымінальная справа па арт. 359 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13 Крымінальнага кодэкса)». Праваабаронцы Беларусі лічаць ваўкавыскую справу палітычна матываванай, а яе фігурантаў — вязнямі сумлення.