«Калі пуцінская ракета разбурае будынак ва ўкраінскім горадзе — гэта б'е па кішэнях расіян»

Нават перамога Трампа на выбарах у ЗША не ўратуе расійскія сродкі ад перадачы Украіне. Эканаміст Сяргей Гурыеў — пра непазбежную адплату краіны-агрэсара за вайну.

huryeu.jpg

Расіі так ці інакш давядзецца аплаціць пасляваеннае аднаўленне Украіны. 

Пра гэта распавёў у эфіры праграмы «Воздух» эканаміст Сяргей Гурыеў.

«Некаторыя каментатары мяркуюць, што Расія не будзе плаціць рэпарацыі, што Захад не зможа канфіскаваць расійскія актывы, — адзначае эксперт. — Цяпер няма прававых інструментаў, каб забраць іх (у тым ліку і рэзервы ЦБ). Прэзідэнт Байдэн абсалютна адкрыта сказаў: так, мы не збіраемся зараз экспрапрыяваць гэтыя актывы. У нас няма такіх юрыдычных інструментаў. Але гэтыя актывы будуць замарожаныя, пакуль Расія не выплаціць кампенсацыю Украіне. І калі яна не выплаціць, то мы рана ці позна гэтыя грошы будзем выкарыстоўваць для кампенсацыі Украіне».

Гурыеў апісвае адзін з магчымых сцэнарыяў: «Уявім сабе такую сітуацыю. Украіна прад'явіць у міжнародным арбітражы абгрунтаваныя прэтэнзіі да Расіі. Калі ў Крамлі на той момант будзе Пуцін, ён адмовіцца плаціць. Тады Украіна прыйдзе з гэтым выканаўчым лістом да амерыканскага прэзідэнта. Ён скажа: Я аддам вам расійскія грошы, якія ў мяне ёсць. Таму, калі пуцінская ракета разбурае будынак ва ўкраінскім горадзе, гэта б'е па кішэнях расійскіх падаткаплатнікаў. Тут няма ніякай нявызначанасці, ніякіх дыскусій».

Нават перамога Трампа на выбарах у ЗША не ўратуе расійскія сродкі ад перадачы Украіне, упэўнены эканаміст.

«Нават Трамп ведае, што выбар такі: альбо ўкраінцы будуць аднаўляць Украіну на заходнія грошы, альбо на расійскія грошы. А Трамп — гэта такі чалавек, для якога Амерыка перш за ўсё. Ён скажа сваім выбаршчыкам: мы забярэм пуцінскія грошы і аддадзім іх на аднаўленне Украіны. Калі толькі Трамп не з'яўляецца агентам ГРУ, або ФСБ, ён зробіць выбар аддаць расійскія грошы для таго, каб дапамагаць Украіне», — робіць выснову эксперт.

Паводле @mozhemobyasnit