Кастусёў: У Лукашэнкі на кожнага чыноўніка ёсць тэчка з кампраматам

Выбуховая гісторыя, як на нашую спакойную і памяркоўную беларускую вертыкаль улады. Кіраўнік гомельскага райвыканкаму Аляксандр Сітніца, які 9 год займаў гэтую пасаду, раптоўна перастае выходзіць на працу і знікае… Начальства вобласці без асаблівага шуму прыбірае звесткі пра Сітніцу са старонкі выканкаму, і прызначае новага кіраўніка.

vziatka.jpg

Куды знік былы начальнік было невядома, ажно да сёння. Па словах неназваных крыніцаў парталу tut.by, Сітніцу затрымалі ў Расеі. Афіцыйнага каментара на гэтую тэму няма. Але мы ўсё ж паспрабуем разабрацца ў такіх дзіўных паводзінах ужо былога кіраўніка гомельскага райвыканкаму.

Сітуацыю каментуе Рыгор Кастусёў – былы кіраўнік шклоўскага камунгасу, таксама чыноўнік у мінулым.
«У сістэме нашай вертыкалі для кожнага чыноўніка ёсць свая вагавая катэгорыя, за якую ён не павінен пераходзіць. Я пра магчымасці чыноўніка красці. Тая мяжа, якую ён не павінен перайсці. Калі чыноўнік пачынае браць іншую вагавую катэгорыю, да якой ён не належыць, тады і ўзнікае крымінальная справа. Відаць, і Сітніц вырашыў самастойна перайсці ў іншую катэгорыю, за што і паплаціўся», – кажа Кастусёў.
І дадае, што сумленныя людзі ва ўладзе не затрымліваюцца.
«На кожнага чыноўніка ёсць тэчка з яго неблагавіднымі справамі. Менавіта існаванне такой тэчкі і з’яўляецца стрымліваючым фактарам рабіць не так, як яму паступае зверху. Гэта і правядзенне выбарчых кампаніяў, і прызначэнне дэпутатаў».
На думку палітыка, папаўненне сваіх кішэняў зʼяўляецца кампенсацыяй за парушэнні заканадаўства.
Паводле belsat.eu