КХП-БНФ падала заяўку на правядзенне шэсця ў Курапаты на Дзяды
Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ падала заяўку на правядзенне традыцыйнага шэсця ў Курапаты з нагоды дня памінання продкаў Дзяды.

Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя са спасылкай на агенцтва БелаПАН.
Акцыю плануецца правесці 28 кастрычніка, паведаміў БелаПАН адказны сакратар арганізацыі Алесь Чахольскі.
«Яе правядзенне будзе традыцыйным», — сказаў ён, не ўдакладняючы месца і час акцыі да афіцыйнага адказу ўладаў на заяўку. Таксама на наступным тыдні партыя плануе падаць заяўку на правядзенне 4 лістапада традыцыйнага шэсця, а затым мітынгу ў Лошыцкім яры ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Беларускія католікі штогод адзначаюць Дзяды ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада. У адрозненне ад вясновай Радаўніцы, калі ўспамінаюць памерлых праваслаўныя, Дзяды не з’яўляюцца выхадным днём. Варта адзначыць, што 2 лістапада быў непрацоўным днём з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі, але ў 1996 годзе яго прыбралі са спіса выхадных.