Кіраўнік АНТ пра расійскія каналы: «У іх вельмі добрыя міжнародныя агляды»

Доля расійскага кантэнту ў вяшчанні беларускага тэлеканалу АНТ складае 44%. Пра паведаміў старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат Маркаў, піша Свабода.

ont.jpg


Паводле яго, сёння АНТ — «мікс з інфармацыйна-палітычнага складніка, у асноўным ён беларускі, і самых рэйтынгавых, цікавых забаўляльных праектаў расійскага Першага канала».
«Але д’ябал у дэталях: насамрэч усе каналы, якія працуюць у нашай краіне, у тым ліку цалкам беларускія, у той ці іншай ступені выкарыстоўваюць замежны кантэнт. Доля кантэнту, які АНТ бярэ ад Першага канала, складае 44 % ад усяго абʼёму вяшчання, што цалкам параўнальна з доляй замежнага кіна- і сэрыяльнага паказу на іншых каналах», — сказаў Маркаў.
Паводле яго, гэта аптымальная прапорцыя.
«Захоўваецца адзін расійскі выпуск навін — проста для таго, каб трымаць шчыльную сувязь з краінай-партнэрам па Саюзнай дзяржаве і атрымліваць інфармацыю з першакрыніцы. Тым больш Першы канал вельмі добра робіць міжнародныя агляды навін. Усе астатнія навіны — нашы, беларускія, і гэта звязка добра працуе», — лічыць Маркаў.
Ён дадаў, што тэлеканал «свядома ідзе» па шляху нарошчвання абʼёму ўласнага кантэнту.
Па словах Маркава, усе праекты АНТ «як мінімум рэнтабэльныя» і акупляюцца «за кошт рэклямы, партнэрства з бізнэс-структурамі і гэтак далей».
АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал») — адзін з асноўных дзяржаўных тэлеканалаў краіны. Яго заснавальнікі — Міністэрства інфармацыі, «Беларусбанк» і кампанія «Фабрыка інфармацыйных тэхналёгій». У сакавіку 2017 на зьмену Рыгору Кісялю, які ўзначальваў АНТ 15 год, прыйшоў намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў.