Крыніцы: Амбасадар Ізраіля раней часу пакідае Беларусь

Як стала вядома «экстрэмісцкай» у Беларусі найстарэйшай «газеце з карцінкамі» ад крыніц у Міністэрстве замежных спраў, амбасадар Ізраіля Алекс Гольдман-Шайман выедзе з Беларусі раней часу. Яго зменіць часовы павераны.

01_goldman_5jh8n.jpg


Па наяўнай інфармацыі, прычыны гэтага рашэння не палітычныя. Яго пераводзяць на працу генеральнага консула ў іншую краіну па ягонай уласнай просьбе. У яго трое дзяцей, а з закрыццём у Мінску адзінай англамоўнай прыватнай школы іх не стала дзе вучыць.

Алекс Гольдман-Шайман быў прызначаны восенню 2020-га, у час, калі многія краіны адмовіліся ўручаць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку.

Самым яскравым кейсам у рабоце Гольдмана-Шаймана была аперацыя па вызваленні ізраільскай адвакаткі Маі Райтэн-Столь, якую затрымалі з медычнай марыхуанай у мінскім аэрапорце.