Ксяндза з Наваградка забіраюць у армію

Учора падобная інфармацыя з'явілася і пра праваслаўных святароў. Сёння а 18:00 адбудзецца развітальная імша ў Наваградку.

Ксёндз Дзмітрый Малец

Ксёндз Дзмітрый Малец

Вікарый ксёндз Дзмітрый Малец служыць у Наваградку. Па словах ягонага пробашча кс. Юрыя Жыгарына, сёння а 18:00 адбудзецца развітальная імша, паведамляе «Хрысціянская візія».
Ксёндз Дзмітрый Малец — выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, высвечаны на дыякана ў 2019 годзе, на прэсвітэра ў 2020 годзе. Ён паходзіць з Ліды, нарадзіўся ў 1996 годзе.
Учора стала вяома, што праваслаўным святарам, якія падлягаюць прызыву на вайсковую службу, таксама давядзецца служыць у арміі — у транспартных войсках. Пра гэта заявіў мітрапаліт Мінскі Веніямін.
Раней праваслаўным і каталіцкім святарам давалі адтэрміноўку, і на практыцы ніхто з іх не ішоў служыць у войска, паколькі вайсковая служба лічыцца несумяшчальнай са святарскім служэннем.
У дыяцэзію БПЦ прыйшоў ліст з тлумачэннем аб тэрміновай вайсковай службе святароў і выпускнікоў семінарый 2023 года. У ім спасылаюцца на ліст Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей           А. А. Румака № 01-10/449 ад 18.05.2023 г., у якім паведамляецца, што Лукашэнка прыняў рашэнне аб прызыве ўказаных асоб на тэрміновую службу ў гэтым годзе.
Праходзіць вайсковую службу тыя будуць у транспартных войсках, улічваючы немагчымасць для святароў браць у рукі зброю.
Мітрапаліт Веніямін распарадзіўся ў кожнай дыяцэзіі прадугледзець замену для святароў, якія падлягаюць прызыву.
Навучэнцы духоўных устаноў (не выпускнікі 2023 года) падпадаюць пад адтэрміноўку ад прызыву.