Лешак Шарэпка: Калі Пуцін здолее ўстанавіць кантроль над Украінай, ён не спыніцца

«Пуцін вырашыў напасці на Украіну ў тым ліку таму, што рэакцыя Захаду была вельмі слабой», – адзначыў у размове з нашым радыё былы амбасадар Польшчы ў Мінску – Лешак Шарэпка.

Фота: flickr.com

Фота: flickr.com

На яго думку, і Еўрасаюз, і Злучаныя Штаты дзеля спынення агрэсіі ва Украіне павінны пайсці на больш радыкальныя меры:

— Верагодна, Захад не пойдзе на прамую мілітарную дапамогу Украіне. Гэта было сказана шмат разоў перад выбухам канфлікту. Напэўна, калі мы кажам пра санкцыі, то трэба цалкам паралізаваць фінансавую сістэму Расіі, адключыць яе ад SWIFT. І павялічыць колькасць зброі, каб украінцы мелі магчымасць бараніць сваю краіну.

Ці ў сітуацыі адкрытай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны Еўразвяз і ЗША гатовы пайсці на такія крокі? Працягвае Лешак Шарэпка:

— Магчыма гэтая нічым не прыкрытая агрэсія можа паўплываць на некаторых асоб на Захадзе, каб яны больш рэальна паглядзелі на сітуацыю і адрэагавалі так, як гэтага патрабуе сітуацыя. Бо, сапраўды, мы стаім на парозе вялікай вайны, яшчэ большай, чым ёсць. Бо калі Пуцін дасць рады без вялікіх праблем устанавіць кантроль над Украінай, то ён не спыніцца, ён будзе думаць пра навязванне сваёй волі ўсёй Еўропе, бо, я мяркую, гэта ёсць яго мэта.

Таксама былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка выказвае шкадаванне, што ўпершыню ў сваёй гісторыі Беларусь выступае ў якасці краіны-агрэсара. І гэта пры тым, што нават рэжым Лукашэнкі сярод асноўных сваіх пастулатаў заўсёды казаў, што “беларусы — мірныя людзі”, і што “для нас самае галоўнае, каб не было вайны”.

Беларускае Радыё Рацыя