Лукашэнка назваў імёны магчымых пераемнікаў?
Былы кіраўнік заявіў, што пачаў прыглядацца да будучых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Гэты фрагмент яго выступу апублікаваў тэлеграм-канал «Пул первого», паведамляе «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
«Транзіт улады адзін: выбары. Народ выбраў, усё. Мае дзеці пасля мяне не будуць прэзідэнтамі. Вось у мяне два чалавекі маіх тут, яны могуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Прытым будуць моцнымі кандыдатамі. Адзін — генерал (памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў), другі — губернатар (Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік). Маладыя, новае пакаленне, разумныя. Ведаюць цану гэтай краіне», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ён ужо пачаў прыглядацца да патэнцыйных кандыдатаў. «Аказваецца, ёсць у нас людзі годныя, тыя, што ведаюць краіну. Яны і будуць канкураваць», — заявіў ён.
Юрый Караеў з ліпеня 2019 года займаў пасаду кіраўніка МУС, 29 кастрычніка 2020 года стаў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці. Караеў значыцца ў санкцыйных спісах Еўрасаюза, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады.
Уладзімір Каранік займаў пасаду міністра аховы здароўя з чэрвеня 2019 па 22 жніўня 2020 года, затым быў прызначаны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. У дачыненні да яго ў сувязі з падаўленнем пратэстаў у Беларусі санкцыі ўвялі ЗША і Еўрасаюз.
На пачатку сакавіка Лукашэнка падчас нарады з прэм’ерам і сілавікамі сказаў, што ўсе яны могуць балатавацца ў прэзідэнты. У нарадзе ўдзельнічалі прэмʼер Раман Галоўчанка, міністр абароны Віктар Хрэнін, дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч і начальнік дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Алег Воінаў.