Макей абвінаваціў краіны былога СССР у здрадзе

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей абвінаваціў неназваных саюзнікаў з краін былога СССР у здрадзе ў цяжкую хвіліну. Пра гэта ён заявіў 1 красавіка на прэзентацыі кнігі Уладзіміра Ліхадзедава.

lukashenko_makey.jpg


Уладзімір Макей абвінаваціў краіны былога СССР у здрадзе. Пры гэтым ён прапанаваў не лічыць гэта прэтэнзіяй і абмовіўся, што выказвае сваё асабістае меркаванне.
«Сёння, як ні горка пра гэта гаварыць, яшчэ раз падкрэсліваю, я кажу проста як чалавек, але Беларусь і Расія засталіся практычна сам-насам з тымі, хто спрабуе навязаць гэтым дзяржавам сваю волю. І мне асабіста дзіўна назіраць, як у цяжкую для сябе хвіліну частка вось гэтага непераможнага савецкага народа звяртаецца па дапамогу да Расіі і Беларусі, і гэтыя дзяржавы аказваюць ім гэтую дапамогу. А ў цяжкую для нашых краін хвіліну гэтая частка непераможнага савецкага народа заяўляе, што не будзе "ў адным кошыку" з Расіяй і Беларуссю. Гэта не прэтэнзія абсалютна, гэта проста канстатацыя фактаў», — сказаў Макей.
Кіраўнік МЗС не ўдакладніў, каго ён мае на ўвазе. Магчыма, гаворка ідзе пра Казахстан, дзе ў пачатку 2022 года краіны АДКБ праводзілі «міратворчую аперацыю». У канцы сакавіка намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Казахстана Цімур Сулейменаў ажыццявіў візіт у Брусэль, дзе, у прыватнасці, правёў перамовы з еўракамісарам па фінансавай стабільнасці Валдзісам Дамброўскісам. Каментуючы 29 сакавіка ў Еўрапейскім выданні «EURACTIV» вынікі перамоў, Сулейменаў заявіў, што Казахстан будзе выконваць санкцыі, уведзеныя ЗША і ЕС супраць Расіі і Беларусі. Акрамя таго, заяўлены курс на збліжэнне з ЕС і адмова ад прызнання Крыма і Данбаса.
Макей таксама адзначыў, што ёсць і іншыя «моманты, на якія мы вымушаныя звяртаць увагу».
«Хтосьці асцерагаецца накіраваць амбасадара сюды, хтосьці раз'язджае па еўрапейскіх сталіцах, спрабуючы паказаць, што не мае ніякага дачынення да падзей, якія адбываюцца, і не будзе падтрымліваць вось гэтыя "краіны-ізгоі" (з іх пункту гледжання) і гэтак далей. Мы нікога не асуджаем і не збіраемся асуджаць. Мы вымушаныя звяртаць на гэта ўвагу і, вядома, будзем улічваць гэта ў нашай дзейнасці», — папярэдзіў кіраўнік МЗС Беларусі.
«Ведаеце, калі ўжо быць пакараным, не памятаю — хто гэта сказаў, то лепш быць пакараным за вернасць, чым за здраду», — метафарычна выказаўся Макей.


Паводле reform.news.