Макей запэўніў Парашэнку, што з беларускай тэрыторыі не будзе пагрозы для Украіны

"Украіна — наш добры сусед, з якім мы маем вялікую працягласць мяжы. Паверце, мы хочам, каб гэта была мяжа міру і згоды, а не мяжа разладу і нянавісці",— сказаў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей  падчас сустрэчы з прэзідэнтам краіны Пятром Парашэнкам.



makey_poroshenko_12082015_1.jpg

У сваю чаргу Парашэнка лічыць, што украінска-беларускія адносіны "перажываюць добрыя часы". Ён падзякаваў Беларусі за падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама за прадастаўленне перамоўнай пляцоўкі для правядзення пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы і яе падгруп, накіраваных на дээскалацыю сітуацыі на Данбасе.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў "няўхільнае выкананне Украінай мінскіх дамоўленасцей" і паведаміў, што за апошнія дні істотна ўзрасла колькасць абстрэлаў баявікамі пазіцый ўкраінскіх вайскоўцаў. Парашэнка "звярнуў увагу на беспрэцэдэнтную атаку баевікоў 10 жніўня з выкарыстаннем цяжкага ўзбраення, танкаў, БТРаў, а таксама пастаянныя спробы тэрарыстаў перашкодзіць працы назіральнікаў місіі АБСЕ, запалохаць яе супрацоўнікаў, каб яны не маглі выконваць свае функцыі ў раёнах, якія кантралююцца незаконнымі ўзброенымі групоўкамі ". Абуральным пацвярджэннем гэтаму, заявіў Парашэнка, з'яўляецца падпал чатырох аўтамабіляў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Данецку.

Са свайго боку Макей выказаў занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі на Данбасе і парушэннем мінскіх дамоўленасцей. Міністр падкрэсліў, што беларускі бок гатовы і ў далейшым аказваць неабходнае садзейнічанне пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі.

Парашэнка і Макей "выказалі зацікаўленасць дзвюх дзяржаў у далейшым развіцці супрацоўніцтва ў энергетычнай, аграпрамысловай, машынабудаўнічай і авіяцыйных галінах". Асобная ўвага была ўдзелена далейшаму паглыбленню супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы. Кіраўнік МЗС Беларусі паведаміў пра зацікаўленасць яго краіны ў павелічэнні выкарыстання марскіх партоў Украіны.

Візіт Макея ва Украіну праходзіць з 12 па 16 жніўня.

Паводле БелаПАН