Мікалая Статкевіча вылучылі ў кандыдаты на прэзідэнта
Аргкамітэт па стварэнні партыі «Народная Грамада» прапануе вылучыць прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду свайго лідара Мікалая Статкевіча. Адпаведнае рашэнне было прынятае 13 студзеня на пасяджэнні аргкамітэта арганізацыі, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

«Мікалай Статкевіч будзе сапраўдным народным прэзідэнтам нашай краіны», – гаворыцца ў заяве аргкамітэта партыі.
Плануецца, што 17 студзеня адбудзецца пасяджэнне Беларускага нацыянальнага кангрэса, на якім можа быць названы агульны ад гэтай структуры прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты.
Чытайце таксама: Мікалай Статкевіч: Цяпер надышоў час волі. Другога Крыму тут не будзе
Згодна з заканадаўствам, выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года, прэзідэнта – не пазней за 30 жніўня 2020-га. У сувязі з гэтым не выключана, што адна з выбарчых кампаній можа адбыцца ў 2019 годзе.