Мікалаю Казлову паўторна адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам
12 жніўня Мінская гарадская выбарчая камісія адхіліла скаргу Мікалая
Казлова на адмову ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты. Намеснік
старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі збіраўся вылучацца ў Мінску па
Старавіленскай акрузе № 105.
Ранейшае рашэнне было вынесена акруговай выбарчай камісіяй 9 жніўня. Паводле палітыка, прычыны для адмовы былі фармальныя.
Мінская гарадская выбарчая камісія таксама адмовіла Мікалаю Казлову ў рэгістрацыі.
«Гэта было агідна, як яны пабудавалі разгляд скаргі. Яны разгулялі цэлы спектакль перад назіральнікамі, ні на адно пытанне толкам не змаглі адказаць. Старшыня сказаў, маўляў, не будзем губляць часу і зачытаў гатовую пастанову.
Навошта тады быў увесь гэты цырк? На гэта маё пытанне старшыня сказаў: «Мы рыхтаваліся». То бок рашэньне пра адмову ў маёй рэгістрацыі яны падрыхтавалі зараней. Хаця я даводзіў, што фармальныя прычыны не могуць быць падставай для адмовы», — распавёў карэспандэнту Свабоды Мікалай Казлоў.
Паводле Казлова, акруговая і гарадская выбарчыя камісіі паказалі, што яны дзейнічаюць як згуртаваная каманда.
«Яны вырашаюць пэўныя задачы: забяспечыць праход у парламент праўладных кандыдатаў. Для мяне гэта ўжо відавочна. Я яшчэ параюся з юрыстамі, ці абскарджваць гэта рашэнне ў судзе, ці варта траціць на гэта час. Альбо засяродзіцца на назіранні, на выяўленні фальшаванняў, бо тое, што яны будуць, у мяне ўжо ніякіх сумневаў няма».
Паводле «Радыё Свабода»