Міліцыя сарвала лекцыю moloko plus у Мінску. Лектараў абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў»
upd. Затрыманых адпусцілі.
Сёння ў Прэс-клубе на вул. Веры Харужай мела адбыцца лекцыя ад каманды расійскага альманаха Moloko plus "Прынцыпы працы small media'. Аднак на ўваходзе ў прэс-клуб наведвальнікаў чакалі людзі ў цывільным.
Як паведамілі НЧ наведвальнікі лекцыі, на ўваходзі ў будынак прэс-клубу стаялі супрацоўнікі Савецкага РУУС, якія перапісвалі дадзеныя ў людзей, якія хацелі трапіць на лекцыю і здымалі іх на відэакамеру.
Двух чалавек затрымалі: гэта самі лектары Павел Нікулін і Ян Патарскі. Іх павезлі ў Савецкі РУУС.
Таксама міліцыя затрымала ўсе журналы moloko plus.
Лекцыю збіраліся наведаць каля 25-30 чалавек. Частка з іх, аднак, адмовілася даць міліцыянтам свае дадзеныя і не дала зняць сябе на відэа.
16.30 На вуліцы перад уваходам дагэтуль дзяжураць міліцыянты.
Сябрам затрыманых не агучылі прычыны затрымання. Абяцалі паведаміць гэта самім затрыманым "па дарозе". Паведамляецца, што людзі ў цывільным, якія ажыццяўлялі затрыманне, не прадставіліся.
18.00 Адвакаты затрыманых прыехалі ў савецкі РУУС, але міліцыянты адмаўляюць, што затрыманыя знаходзяцца там.
18.20 Стала вядома, што расійцаў Яна Патарскага і Паўла Нікуліна абвінавачваюць у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (адміністратыўны артыкул). Аднак часопіс "Moloko plus" не знаходзіцца ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
18.51 Паведамляецца, што ў затрыманых ужо ёсць адвакаты, а міліцыянты вельмі нервуюцца — бо ўжо "чалавек 20" пазванілі і запыталі, што з хлопцамі і дзе яны.
19.15 Стала вядома што затрыманых адпусцілі.
Moloko plus — некамерцыйны альманах, прысвечаны праблемам гвалту. Са словаў рэдакыі, над ім працуюць прафесійныя журналісткі і журналісты, якія стаміліся ад цэнзуры і ангажаванай павесткі ў расійскіх федэральных медыях.
Ужо выйшлі тры нумары альманаху: "Тэрарызм", "Наркотыкі", і "Рэвалюцыя". Каманда працуе над чацвертым - "Патрыярхат".
На лекцыі ў Мінску рэдакцыя збіралася расказаць, як сабраць грошы на ўласны праект, арганізаваць працу ў гарызантальнай рэдакцыі і справіцца з юрыдычнымі, этычнымі і эканамічнымі праблемамі.
Сайт альманаха