Мінкульт: «Рэклама «Поедем поедим», змешчаная ў Курапатах, незаконная»
Міністэрства культуры прызнала, што не выдавала дазвол на ўсталёўку рэкламных бігбордаў. Гэта вынікае з паперы, што прыслала Міністэрства на адрас Ганны Шапуцька.
Як паведамілі НЧ актывісты Курапацкай варты, пэўны час таму яны адправілі скаргу ў Міністэрства культуры, дзе ўказалі, што рэклама «Поедем поедим», а таксама сацыяльная рэклама аб падатках ля ўрочышча Курапаты, меркавана, не ўзгодненая з Міністэрствам культуры, выглядае недарэчна на месцах масавага растэлу людзей, «стварае візуальныя перашкоды і пагаршае ўспрыяцце гісторыка-культурнай каштоўнасці».
І вось актывістцы варты Ганне Шапуцька прыйшоў адказ, з якога вынікае, што рэкламныя бігборды ля рэстарану «Поедем поедим» сапраўды не былі ўзгодненыя — а значыць, знаходзяцца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу незаконна.
«Эскіз сродку вонкавай рэкламы для размяшчэння на тэрыторыі помніка гісторыі катэгоырі "1" Міністэрствам культуры не ўзгоднены», — сказана ў звароце.
Мінкульт накіраваў у Мінгарвыканкам адпаведны ліст з тлумачэннямі.