Мінск наведае віцэ-старшыня ПА АБСЕ Кент Харстэд

Падчас візіту ў Мінск 19–22 снежня Кент Харстэд, які каардынаваў працу кароткатэрміновых назіральнікаў на парламенцкіх выбарах у Беларусі ў верасні гэтага года, падасць выніковую справаздачу місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ аб мінулай кампаніі.

osce_2.jpg


Тэкст справаздачы быў апублікаваны на сайце БДІПЧ АБСЕ дзесяць дзён таму. Яго сутнасць зводзіцца да наступнага: выбары былі добра арганізаваныя, але шэраг даўніх сістэмных недахопаў не вырашаныя. Заканадаўства абмяжоўвае палітычныя правы і асноўныя свабоды і мае празмерна абмежавальны характар. У склад выбарчых камісій былі ўключаныя нязначная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, а працэсы галасавання, падліку галасоў і звядзення вынікаў "былі азмрочаныя значнай колькасцю парушэнняў і адсутнасцю празрыстасці".
Цэнтрвыбаркам Беларусі прыняў шэсць пастановаў аб некалькіх тэхнічных аспектах выбарчага працэсу, але асноўныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі пры гэтым улічаныя не былі, гаворыцца ў справаздачы. На думку яе аўтараў, беларускай выбарчай сістэме неабходная "ўсебаковая рэформа ў межах больш шырокага працэсу дэмакратызацыі".
Дакумент утрымлівае шэраг рэкамендацый па паляпшэнні выбарчай сістэмы Беларусі. Яны тычацца складоў выбарчых камісій, правоў кандыдатаў і назіральнікаў, працэдур галасавання, падліку галасоў і звядзення вынікаў.
У межах візіту ў Мінск Кент Харстэд 20 снежня возьме ўдзел у пасяджэнні міжведамаснай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ аб удасканаленні выбарчага працэсу ў Беларусі.
"Да гэтай сустрэчы Цэнтрвыбаркам адновіць працу міжведамаснай экспертнай групы, якая пачала дзейнічаць яшчэ да выбараў у беларускі парламент, — паведаміла 15 снежня ў інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия" старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Сумесна з ЦВК экспертная група вывучыць прапановы БДІПЧ, якія будуць абвешчаныя на пасяджэнні ў Мінску, і выпрацуе нейкі дакумент (даклад прэзідэнту) з нагоды іх рэалізацыі". "Думаю, нашы эксперты з міжведамаснай групы выкажуць Кент Харстэду нейкую сваю пазіцыю па карэктаванні выбарчага заканадаўства ў нашай краіне", — дадала кіраўнік ЦВК.
Яна таксама паведаміла, што калі кіраўнік дзяржавы ўхваліць выпрацаваныя прапановы, Цэнтрвыбаркам падрыхтуе адпаведны пакет змен у выбарчае заканадаўства.
БелаПАН