Мечыслаў Грыб: Балатаванне Лукашэнкі — незаконнае
Першыя грамадскія слуханні па абмеркаванні пытання «Народнага рэферэндуму», у якім прапануецца абмежаваць колькасць тэрмінаў займання пасады прэзідэнта, прайшлі 26 верасня ў Баранавічах.
Нагадаем, адно з пытанняў у парадку дня “Народнага рэферэндуму” гучыць так: “Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?”.
«Выбарчая кампанія для «Народнага рэферэндуму» — яшчэ адна магчымасць нагадаць пра важнасць пытанняў, якія мы ўздымаем. Відавочна, што ўлада не жадае прыслухоўвацца да грамадства, не чуе яго. Выбары праводзяцца з перадвырашаным вынікам», — адзначыў, адкрываючы слуханні, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Па ягоных словах, «улада не спраўляецца з узятымі на сябе абавязкамі, не выконвае нічога з таго, што абяцала апошнія пяць год і агулам апошнія 20 год, колькі Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе».
«Адзіны інструмент, які можа прывесці да пераменаў у Беларусі, — рэферэндум», — упэўнены Губарэвіч. Ён дадаў, што пытанні «Народнага рэферэндуму» не губляюць сваёй актуальнасці, у прыватнасці чацвёртае, якое тычыцца адмовы ад размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых базаў, а таксама пятае (“Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?”).
Экспертамі на грамадскіх слуханнях у Баранавічах выступілі другі старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб і палітолаг, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец. Паслухаць іх сабраліся каля 30 чалавек.
Мечыслаў Грыб прыгадаў, як у беларускую Канстытуцыю былі ўнесеныя змены, якія прывялі ў выніку да зняцця абмежавання на колькасць тэрмінаў на пасадзе прэзідэнта.
«Сёння мы фактычна не маем Канстытуцыі, — адзначыў Грыб. — Канстытуцыя 1996 году — нелегітымная. Хаця мы па ёй нібы жывем, але яна нелегітымная».
Ён адзначыў, што у 2004 годзе на рэферэндуме было знятае абмежаванне на колькасць тэрмінаў прэзідэнцтва. «Адпавядае гэта Канстытуцыі? Не. Прызнаны гэты рэферэндум легітымным? Не», — падкрэсліў Мечыслаў Грыб.
«Як юрыст магу сказаць, што балатаванне ў кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандра Рыгоравіча сёння — незаконнае», — дадаў ён, адзначыўшы, што атрымліваецца, што ўжо ўсе ведаюць, хто будзе наступным прэзідэнтам Беларусі.
«Пытанне абмежавання двума тэрмінамі знаходжання на пасадзе — гэта дэмакратычнае патрабаванне», — адзначыў Алесь Лагвінец.
Па ягоных словах, сёння мы маем вельмі дзіўную палітычную сістэму, якая ўладкаваная пад аднаго чалавека: у прыватнасці, адкрытым застаецца пытанне, ці будзе дзейнічаць адсутнасць абмежавання тэрмінаў для кагосьці, акрамя Аляксандра Лукашэнкі.
«Улада цяпер — гэта асабісты прывілей аднаго чалавека. Чалавека, які падмяў пад сябе Канстытуцыю, грамадства. Ён мае сваю вертыкаль, якая яму служыць», — падкрэсліў Лагвінец.
«Абмежаванне тэрмінаў двума для палітыкаў — гэта нармальны сучасны стандарт», — падкрэсліў намеснік старшыні Руху. — Тое, што ў нас на пасаду прэзідэнта можна балатавацца неабмежаваную колькасць разоў першым чынам — адмоўным — кідаецца ў вочы любому замежніку».
Прывёўшы прыклады іншых краінаў, Лагвінец запэўніў удзельнікаў слуханняў, што прэзідэнцкія тэрміны ў Беларусі павінны быць абмежаваныя.
Другія грамадскія слуханні пройдуць 28 верасня ў Магілёве. Далей іх зладзяць у Віцебску, Гродне і Гомелі.