Вялічка: ЕС не цікавіць, што ў Беларусі фальсіфікаваны ўвесь інстытут выбараў

Пасля выбараў 11 кастрычніка Еўрасаюз можа прызнаць легітымнасць беларускай улады. Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" Улад Вялічка.



vali4ka_2909.jpg

Фота: svaboda.org

Ён адзначыў, што для абнулення адносінаў паміж Беларуссю і ЕС было дастаткова вызвалення палітвязняў, якое адбылося сёлета ў жніўні. "Дадатковай умовай стане мінімальная дэмакратызацыя выбарчага працэсу, якую, калі не здарыцца форс-мажору, зафіксуе Еўрапейскі Саюз. Але такія дзеянні выкліканы не зменамі ўнутры Беларусі, а знешнімі фактарамі, на фоне якіх беларуская сітуацыя выглядае не такой брутальнай", — перадае словы Вялічкі сайт eurobelarus.info.

На яго думку, Еўрасаюз ў ацэнках бліжэйшых выбараў праігнаруе шматлікія негативныя з'явы — "несвабоду СМІ, мяккія рэпрэсіі супраць незалежных грамадзянска-палітычных сіл і да т.п."

Па вялікім рахунку, кажа аналітык, нікога не цікавіць, што ў Беларусі фальсіфікаваны ўвесь інстытут выбараў.

Гаворачы пра нармалізацыю адносінаў паміж ЕС і афіцыйным Мінскам, Вялічка кажа, што адбываецца касметычная, рытуальная нармалізацыя. Яна дасць магчымасць Еўрасаюзу кантактаваць з вышэйшымі чыноўнікамі Беларусі ў афіцыйным фармаце. Але фактычнай актывізацыі двухбаковых адносін на новым узроўні чакаць не даводзіцца, мяркуе ён.

Нават з'яўленне расійскай ваеннай базы, мяркуе эксперт, не паўплывае істотна на беларуска-еўрапейскія адносіны. "Думаю, беларускія дыпламаты паказваюць перамовы аб базе як вымушаную меру, і ўсе пытанні пераадрасуюць нават не беларускай, а расійскай уладзе", — кажа Вялічка.

euroradio.fm