МУС: Павел Грыб беларускай міліцыяй не затрымліваўся
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сцвярджае, што беларускі бок Паўла Грыба, знойдзенага ў СІЗА ў Расіі, не затрымліваў.
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі апублікавала заяву аб знікненні ўкраінца Паўла Грыба.
Паводле МУС,
гомельская міліцыя атрымала 31 жніўня электронны зварот ад бацькі зніклага, Ігара Грыба: ён пісаў, што сын выехаў
24 жніўня ў Гомель і з таго часу знік.
«Высветлена, што ў перыяд знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь грамадзянін Грыб П.І. супрацоўнікамі органаў унутраных справаў не затрымліваўся, з заявамі або па іншых абставінах у міліцыю не звяртаўся. У цяперашні час ягонае месцазнаходжанне не высветленае», — гаворыцца ў заяве.
Раней Ігар Грыб паведамляў, што ў Гомелі высветліў, што ягоны сын знаходзіцца ў вышуку на падставе артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).
Тым часам украінскія дыпламаты знайшлі Паўла Грыба ў Расіі у следчым ізалятары № 5 Краснадару. Cямʼя зніклага паскардзілася ў ААН і Еўрасаюз на гвалтоўнае выкраданне.
Міністэрствы замежных справаў Беларусі і Украіны абмяняліся папрокамі ў паводзінах «не па-партнёрску». МЗС Расіі не каментавала знікнення ці знаходжання Паўла Грыба.