МЗС сумняецца ў шчырасці еўрадэпутатаў

МЗС Беларусі пракаментаваў заявы еўрапарламентароў, якія хацелі наведаць будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС.

Кадр з відэароліка на Youtube

Кадр з відэароліка на Youtube

Як паведамлялася, 11 красавіка шэраг дэпутатаў Еўрапарламента паведамілі, што атрымалі адмову ў просьбе наведаць АЭС, якая будуецца ў Астраўцы. У групу ўваходзілі еўрадэпутаты ад Літвы Пятрас Аўштравічус, Альгірдас Саўдаргас, Броніс Ропе і нямецкі еўрапарламентар Рэбека Харм.
У сваім каментары прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык пацвердзіў, што дыпламатычнае ведамства сапраўды атрымала просьбу ад групы еўрадэпутатаў. Яны прасілі пра магчымасць правесці сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, у Міністэрстве энергетыкі, а таксама пра арганізацыю паездкі ў Астравец.
«МЗС прыступіў да прапрацоўкі гэтага пытання пры тым разуменні, што падобныя візіты спантанна не рыхтуюцца. Раскрыццё дэталяў рабочых перамоў па арганізацыі візіту да завяршэння кансультацый і публічную інтэрпрэтацыю нашых сустрэчных прапаноў як адмову ад супрацоўніцтва лічым недарэчнымі. Такія дзеянні дэпутатаў Еўрапейскага парламента даюць падставу для сумневаў у шчырасці іх намераў і гатоўнасці да канструктыўнага і паважлівага дыялогу з беларускім бокам», — падкрэсліў беларускі дыпламат.