Дэлегацыю Еўрапарламенту не пусцілі ў Беларусь
Дэлегацыя Еўрапарламенту, у якую ўваходзяць Пятрас Аўштравічус, Альгірдас Саўдаргас, Броніс Ропе (Літва) і Рэбека Гармс (Нямеччына), планавала наведаць Беларусь 20 красавіка.
«Мы хацелі пабываць у Мінску, сустрэцца з прадстаўнікамі выканаўчых уладаў, задаць ім пытаньні пра будаўніцтва Беларускай АЭС, а пазьней, пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі некалькіх няўрадавых арганізацыяў, пабываць на пляцоўцы будаўніцтва АЭС у Астраўцы», — сказаў BNS Пятрас Аўштравічус.
У адказе з нашай амбасады гаворыцца, што беларускі бок ня бачыць магчымасці праз брак часу на арганізацыю гэтых сустрэч.
Пятрас Аўштравічус назваў такое рашэнне афіцыйнага Мінску палітызаваным.
«Я лічу, што гэта рэакцыя беларускіх уладаў на прынятую на мінулым тыдні ў Еўрапарламенце рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні беларускіх службовых асобаў супраць актывістаў апазіцыі падчас пратэстаў. Іншая справа, што беларуская ўлада не асабліва імкнецца адказваць на пытанні, якія б мы не задавалі», — сказаў Аўштравічус.
6 красавіка Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, у якой асуджае нядаўнюю хвалю рэпрэсіяў у Беларусі і заклікае беларускія ўлады паважаць правы і свабоды грамадзян. Рэзалюцыя змяшчае таксама намёк на ўвядзенне новых санкцыяў у дачынньні да афіцыйнага Мінску.
У камэнтары Міністэрства замежных спраў наконт рэзалюцыі Еўрапарламенту гаворыцца, што «мэтад воклічаў і павучанняў, што часцей за ўсё выкарыстоўвае Еўрапарламент, з Беларуссю не працуе».
«Мы гатовыя абмяркоўваць з нашымі замежнымі партнёрамі любыя тэмы, даваць адказы на любыя пытанні, у тым ліку тыя, па якіх нашы пазіцыі разыходзяцца. Менавіта ў такім ключы мы размаўлялі з прадстаўнікамі ЕЗ, якіх па-сапраўднаму хвалюе будучыня стасункаў з Беларуссю», адзначыў беларускі МЗС.
svaboda.org