На Паўла Вінаградава распачалі адміністрацыйную справу

У дачыненні да актывіста моладзевай ініцыятывы «Zмена» Паўла Вінаградава мінская міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы ў сувязі з несанкцыянаванай акцыяй у Мінску і абразай службовай асобы.

vinahradau_2.jpg


Адміністрацыйны працэс распачаты 1 ліпеня, паведамляе БелаПАН. Вінаградаў, які знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, сёння якраз з’явіўся адзначыцца ў Маскоўскае РУУС сталіцы і прыхапіў з сабой торбу з рэчамі.
Адміністацыйная справа распачата за акцыю, якую «Zмена» правяла ў Мінску 26 чэрвеня. На мосце перад уездам у горад з брэсцкай трасы была вывешаная гірлянда з 20 бел-чырвона-белых сцягоў, а на прыпынках па вуліцы Уманская каля ГЦ «Глоба» і на прыпынку па вуліцы Раманаўская Слабада — сцягі і плакаты з выявай Вінаградава, які паказвае сярэдні палец, і надпісам «Дзякуй за нагляд».
Такім чынам «Zмена» адрэагавала на тое, што 7 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Мінска ўсталяваў над Вінаградавым паўгадавы прэвентыўны нагляд.
 Павел Вінаградаў адзначыў у каментарыі тэлеканалу «Белсат», што мэтай акцыі было «перадаць прывітанне ўсім тым грамадзянам, якія захацелі ўстанавіць нагляд на паўгода, калі тэрмін судзімасці заставаўся тры з паловай месяцы». «Дык вось, я перадаю прывітанне таму, хто прыдумаў усталяваць нада мной нагляд, таму, хто яго ўстанавіў, а менавіта крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РУУС і суддзі Сушко з Маскоўскага суда», — сказаў Вінаградаў, гледзячы ў камеру і выставіўшы сярэднія пальцы на абедзвюх руках.


Раніцай 1 ліпеня апазіцыйны актывіст прыйшоў адзначацца ў Маскоўскае РУУС сталіцы з торбай з рэчамі, мяркуючы, што яго могуць адразу ж адправіць у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў за праведзеную акцыю. Аднак гэтага не адбылося.
«Я ўжо на вуліцы і магу размаўляць па тэлефоне, а гэта значыць, што мяне не садзяць, пакуль не садзяць і, хутчэй за ўсё, не будуць, — паведаміў Вінаградаў БелаПАН. — На мяне складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы — адзін з іх на падставе артыкула 23.34 КаАП за незаконнае пікетаванне, яшчэ адзін — на падставе артыкула 23.5 за абразу». «Абурыўся намеснік начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна Мінска грамадзянін Юрый Федзюковіч. Абурыўся, уласна, за відэа, у якім я перадаваў прывітанні. Як прывітанне перадаваў, я памятаю, як абражаў — не памятаю», — дадаў актывіст.
Паводле слоў Вінаградава, суд па яго адміністрацыйных справах можа адбыцца на наступным тыдні.
Паводле belapan.by