На Сяргея Ціханоўскага завялі крымінальную справу
Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.

Сяргей Ціханоўскі
Блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ўвечары 29 траўня ў Гродне. Затрыманню папярэднічаў канфлікт асобных грамадзян і супрацоўнікаў міліцыі з прыхільнікамі Сяргея Ціханоўскага, якія сабраліся на пікет па збору подпісаў за жонку блогера Святлану Ціханоўскую: яна збірае подпісы на вылучэнне ў прэзідэнты. Разам з Ціханоўскім былі затрыманыя і іншыя ўдзельнікі пікета.
30 траўня ў тэлеграм-канале МУ.С з'явілася паведамленне аб тым, што на Сяргея Ціханоўскага заведзена крымінальная справа.
«29 траўня, у Гродна на плошчы Савецкай былі затрыманы асобы, якія ў тым ліку раней судзімыя і неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, якія ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці. Сярод затрыманых гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі. Дваім міліцыянтам нанесены цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, яны ў цяперашні час шпіталізаваны.
Следчымі распачата крымінальная справа за насілле ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», — паведаміла прэс-служба МУС.
Святлана Ціханоўская раней выступіла з заявай, у якой сказала аб учыненай у дачыненні да мужа правакацыі і парушэнні сваіх канстытуцыйных правоў.