Намеснік старшыні Партыі БНФ выступіў на мітынгу ў Расіі

Акцыя «Піцер за Маскву» была арганізаваная ў падтрымку пратэстаў у расійскай сталіцы: там днямі былі арыштаваныя сотні ўдзельнікаў мітынгаў пратэсту супраць зняцця з выбараў кандыдатаў, што выступаюць супраць карупцыйнага рэжыму расійскага прэзідэнта Пуціна.

Вадзім Саранчукоў выступае на мітынгу

Вадзім Саранчукоў выступае на мітынгу

Беларускі палітык прыгадаў расійскім пратэстоўцам словы Папы Яна Паўла II: «Не бойцеся!», якія той адрасаваў паняволеным народам.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў адзначыў, што сам хутка будзе вылучацца кандыдатам на выбарах у беларускі парламент, якія будуць абвешчаныя неўзабаве. Пры гэтым ён падкрэсліў падабенства дыктатураў, якія сталяваныя ў дзвюх краінах:
«Я — беларус, і для мяне вялікі гонар бачыць перад сабой сёння столькі свабодных людзей. У нас з вамі вельмі розныя краіны, але, на жаль, яны становяцца ўсё больш падобнымі. У нас гэтак жа, як і ў вас, не дапускаюць кандыдатаў да выбараў, у нас так жа, як і ў вас, забіваюць палітыкаў, у нас так жа, як і ў вас, на дазволеныя акцыі пратэсту зганяюць неверагодную колькасць спецсілаў, спецтэхнікі, калючага дроту», – сказаў Вадзім Саранчукоў, скончыўшы сваю прамову словамі «Жыве Беларусь!» і «Россия будет свободной!».
Выступ намесніка старшыні Партыі БНФ быў сустрэты гучнымі апладысментамі. У выніку разам з замежнікам ўсе ўдзельнікі акцыі, якіх было каля 2,5 тысяч, скандавалі «Россия будет свободной» – паведамляюць расійскія СМІ.
На сцэне з прамовамі выступілі арганізатары мітынгу каардынатар руху «Прыгожы Пецярбург» Красімір Вранскi і кандыдат у муніцыпальныя дэпутаты Павел Чупрун. Выступалі і дэпутаты заканадаўчага сходу Пецярбурга Максім Рэзнік і Барыс Вішнеўскі, а таксама кандыдат у губернатары горада Надзея Ціханава. На акцыі былі затрыманыя каля дзесяці ўдзельнікаў.
Мітынг салідарнасці з маскоўскімі актывістамі праходзіў у той дзень, калі ў Маскве ізноўку пачалася масавая акцыя за сумленныя і свабодныя выбары і за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў у Маскоўскую думу. У Маскве да вечара суботы былі затрыманыя каля тысячы чалавек.
Паводле прэс-рэліза