Напярэдадні Новага Году ізноў судзяць журналістаў Белсату
Замест перадсвяточных клопатаў – судовыя паседжанні. Адміністрацыйны
пераслед у дачыненні да журналістаў не спыняецца нават напярэдадні
Новага года. 28 снежня за працу без акрэдытацыі судзілі Вольгу Чайчыц і
Змітра Міцкевіча, паведамляе belsat.eu.
«Пакуль сітуацыя выглядае больш-менш пазітыўна, бо справу накіравалі на дапрацоўку ў РУУС, але гэтая справа глядзіцца даволі абсурдна, паколькі мяне збіраюцца судзіць за тое, чаго я не рабіў. Мяне абвінавачваюць у тым, што я рабіў інтэрв’ю ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну і навокал», – кажа Зміцер Міцкевіч, журналіст «Белсату».
Усё таму што не маем акрэдытацыі для працы ў Беларусі, якой улады самі ж і не даюць. На гэтай жа падставе фрылансэрам выпісваюць пратаколы і прысуджаюць штрафы. Сёння больш як на 850 рублёў аштрафавалі Вольгу Чайчыц. Для яе гэта ўжо 14-ты суд сёлета. Сёлета судоў УДВАЯ больш, чымся летась:
«Увесь час, калі мы здымаем міліцыянтаў, Следчы камітэт або чыноўнікаў, мяне за гэта судзяць. Акрамя гэтага яшчэ, калі мы асвятляем пратэсты, то таксама судзяць, але міліцыянты вельмі не хочуць, каб іх здымалі. І Следчы камітэт у тым ліку».
Гаворка пра матэрыял аб выстаўленні абвінавачанняў у «Справе БелТА», які выйшаў у нашым эфіры на пачатку лістапада. Тады рэдактараў БелаПАН, «Тут.бай» і журналістаў шэрагу іншых незалежных ад дзяржавы медыяў вінавацілі ў незаконным доступе да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.
«Улада завяла крымінальную «справу БелТА», улада цісне на фрылансэраў, усё робіцца для таго, каб максімальна трымаць пад кантролем сферу інфармацыі напярэдадні палітычных кампаніяў… Каб кожнага можна было знайсці, пакараць, і каб гэты ціск адчуваўся», – распавядае Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Толькі тых, хто супрацоўнічае з «Белсатам», аштрафавалі сёлета на рэкордную для каналу суму – 46 тысяч долараў у эквіваленце. Сярод рэгіёнаў краіны больш за ўсё штрафаў сплацілі ў Гомлі – Андрэй Толчын заплаціў 15 тысяч рублёў за працу без акрэдытацыі. Яшчэ амаль палова ад гэтае сумы – штрафаў неаплачаных. Андрэй Толчын, журналіст-фрылансер:
«Мяне ціснуць, бо я езджу ў тыя месцы, куды іншы журналіст ніколі не паедзе, і там вельмі вострыя сацыяльныя тэмы, якія закранаюць інтарэсы людзей і выкрываюць хібы чыноўнікаў».
На грошы, якія сплацілі журналісты і фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», можна ўтрымаць 12 міліцыянтаў, калі возьмем сярэдні гадавы заробак праваахоўніка да аплаты падаткаў. Магчыма, налета паставім новыя рэкорды – як напярэдадні заявіў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, «на кожнага фрылансэра знойдзецца фрыкоп».
«Мы ў Беларусі ўжо колькі год і сустракаем гэтых фрыкопаў, якія без апазнавальных знакаў. Людзей у цывільным, якія нечакана нападаюць на журналістаў, перашкаджаюць здымаць, затрымліваюць. Але дзейнасць праваахоўнікаў адрозніваецца ад дзейнасці фрылансэраў, дзейнасць праваахоўных органаў мусіць адбывацца галосна», – гаворыць Барыс Гарэцкі.
Наступныя суды журналістаў «Белсату» адбудуцца ўжо 3 студзеня ў Мінску і 9 студзеня ў Берасці.