Нарвегія не прызнала легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі
Да спісу краін, якія не прызналі Аляксандра Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі, далучылася Нарвегія, паведамляе «Еўрарадыё».
![norway_2509.jpg norway_2509.jpg](/img/v1/images/norway_2509.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзяржаўны сакратар нарвежскага МЗС Аўдун Халварсен у сваім акаўнце ў Твітары пракаментаваў сітуацыю, ужываючы слова "інаўгурацыя" ў дзвюхкоссі.
"Паўсакрэтная "інаўгурацыя" не дае легітымнасці. "Інаўгурацыя" Лукашэнкі толькі пагаршае палітычны крызіс у Беларусі. Нарвежскае МЗС паўтарае заклік да ўладаў устрымацца ад гвалту і ўступіць у сур'ёзны дыялог з апазіцыяй. Выбары не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі", — напісаў ён.
Раней легітымнасць Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка Беларусі аспрэчылі краіны Еўрасаюза, ЗША, Канада, Украіна. Нарвегія ў Еўрасаюз не ўваходзіць, але падзяліла пазіцыю ЕС.
Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі рыхтавалася патаемна і прайшла 23 верасня ў Палацы Незалежнасці. Ні дата, ні час загадзя не паведамляліся, не было і жывой трансляцыі цырымоніі. На яе не запрасілі ніводнага замежнага дыпламата — нават расійскага.