НАУ просіць улады Нарвегіі перагледзець кантракты з дзяржпрадпрыемствамі

Народнае антыкрызіснае кіраванне (НАУ) адправіла ліст уладам Нарвегіі перагледзець адносіны з «Беларуськаліем» і іншымі беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Зварот адправілі ў Міністэрства гандлю, прамысловасці і рыбалоўства, Міністэрства сельскай гаспадаркі, нарвежскім дэпутатам, а таксама ў амбасады Нарвегіі ў краінах Еўропы.

photo_2021_03_05_15_38_54.jpeg

Нарвежскі ўрад, як галоўны акцыянер Yara (ураду Нарвегіі належыць 36,2% акцый), да гэтага часу не ініцыявала праверку адпаведнасці інвестыцый Yara ў Беларусь па крытэрах адказнага інвеставання ESG, гаворыцца ў паведамленні, размешчаным у телеграм-канале НАУ.
У лісце выказана надзея, што ўлады Нарвегіі праявяць салідарнасць з народам Беларусі і паўплываюць на рашэнне Yara аб разрыве кантракту з «Беларуськаліем».
Нагадаем, раней Салігорскі стачком звярнуўся да нарвежцаў з просьбай перагледзець далейшыя дзелавыя адносіны з беларускім заводам. Петыцыя з гэтым заклікам сабрала больш за 55 тысяч подпісаў.
Таксама за спыненне дзелавых адносін паміж кампаніямі выступіла кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская. Яе каманда прапануе ўвесці санкцыі супраць «Беларуськалія», аж да скасавання дамовы ў аднабаковым парадку. Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выказаўся супраць разрыву кантракту нарвежскай кампаніі Yara з ААТ «Беларуськалій».
Еўрарадыё