Навумчык: «Ні Пазьняк, ні я за 28 гадоў эміграцыі не атрымалі на палітычную дзейнасьць ні цэнту»
Мікалай Халезін у размове з «Нашай Нівай» заявіў, што Зянон Пазьняк «30 гадоў сядзеў на welfare (сацыяльнай дапамозе), не папрацаваў нідзе і нічога не зрабіў для Беларусі». Сяргей Навумчык даў вычарпальны адказ рэжысэру.
Адносна словаў сп. Халезіна пра Пазьняка, які нібыта 30 гадоў сядзіць на вэлфары (сацыяльнай дапамозе), тлумачу: ні Пазьняк, ні я (мы ішлі ў адным эміграцыйным кейсе) ніколі не атрымлівалі ні вэлфара, ні якой-небудзь іншай сацыяльнай дапамогі. Гэтак жа, як і ні цэнту якіх бы тое ні было грантаў, за амаль 28 гадоў эміграцыі.
Прадстаўніком Дзярждэпу ЗША ў ліпені 1996 нам было афіцыйна заяўлена, што калі нам дадуць палітычны прытулак (Белы дом вельмі гэтага не хацеў, бо давядзецца сварыцца з Масквой) — ці цэнту на ад дзяржаўных службаў, ні ад фондаў мы не атрымаем. Падрабязна пра тую гутарку я пісаў у адной са сваіх кніг.
Амэрыканскія палітыкі забываюць свае абяцаньні назаўтра, але тут яны трымалі слова.
Я таму ня ў першы раз абвяргаю заявы пра сацыяльныя выплаты і гранты, што гэта прынцыпова для разуменьня той сітуацыі, у якой мы з Пазьняком апынуліся ў першыя ж дні эміграцыі.
На той момант мы былі адзінымі прафэсійнымі беларускімі палітыкамі ў замежжы (з вопытам шасьцігадовай парлямжнцкай дзейнасьці). І калі б было выдаткаванае хаця б мінімальнае фінансаваньне (якое ЗША прадстаўляла і прадстаўляе дзясяткам беларускіх апазыцыйных палітыкаў з вопытам куды больш сьціплым), хаця б на ўзроўні заробку прыбіральшчыцы ў якім офісе, — я б, напрыклад, ні на сэкунду не сыходзіў бы назад у журналістыку.
Сп. Халезін абвінавачвае Пазьняка ў тым, што ён не скарыстаў сваё імя на Захадзе ў інтарэсах Беларусі. Але я хачу нагадаць, што з самага пачатку дзейнасьці на эміграцыі мы з Пазьняком сутыкнуліся з надзвычай актыўным супрацьдзеяньнем з боку ня толькі Масквы і лукашыстаў, але і перафарматаванай апазыцыі. Іх мэта (і тут яны выступалі адзін фронтам) была ўліць у вушы заходнім палітыкам, што Пазьняк — ніхто, што гэта нацыяналіст (а на Захадзе «нацыяналіст» успрымаўся амаль як «фашыст»), аўтарытэт якога ў Беларусі на нулі.
Сп. Халезіну, як аднаму з заснавальнікаў «Хартыі», тое мусіць быць вядома як мала каму іншаму.
Паўтараю: ні Пазьняк, ні я за 28 гадоў эміграцыі не атрымалі на палітычную дзейнасьць ні цэнту.
Мне было б наздвычай цікава паглядзець, колькі гадоў пратрымаўся б, напрыклад, Аб’яднаны пераходны кабінэт ці Офіс Ціханоўскай пры нулявой фінансавай падтрымцы. Альбо — колькі месяцаў. Ці — дзён.
А Пазьняк, пры ўсім гэтым, у гэтыя дзесяцігодзьдзі ўзначальваў нацыянальна арыентавпную партыю, — па сутнасьці, адзіную, якая бескампрамісна выступала з антырасейскіз пазыцый, распрацаваў Канцэпцыю нацыянальнага Адраджэньня, напісаў і выдаў дзясяткі кніг.
Што датычна іншых ацэнак сп. Халезіна, яны могуць успрымацца ў залежнасьці ад стаўленьня да нацыянальнага Адраджэньня . Скажам, я лічу, што газэта «Имя», адным з кіраўнікоў якога быў сп. Халезін, займала антыадраджэнцкую, пралукашэнкаўскую і прарасейскую пазыцыю, а нехта іншы скажа, што гэта ня так (сп. Халезін якраз і заяўляе, што «Имя» нібыта ня мела прадузятасьці да беларусаай мовы).
Альбо - мы з Пазьняком ацэньвалі тое, што пісала пра нас «Имя» у самы для нас драматычны час у 1996 як мэтанакіраванае цкаваньне («травлю») — адзінае, што я лічыў гэта праявай асабістай антыпатыі, а Пазьняк — тактыкай КДБ, — але іншыя, цалкам дапускаю, могуць лічыць інакш. Маё права сьцьвярджаць, што «Имя» наносіла па нас з Пазьняком удары значна больш для нас адчувальныя, чым якая-небудзь “СБ”. Але іншыя могуць сказаць, што гэта ўсяго толькі было імкненьне патрымаць нас «у тонусе». А трэція заявяць: так, тое было цкаваньне, але так вам і трэба.
Што тычыцца слоў пра станоўчую ролю Пазьняка толькі ў адкрыцьці Курапатаў, і пры гэтым ( несумненна — сьвядома) ігнараваньня вызначальнай ролі лідэра БНФ у здабыцьці Незалежнасьці — дык гэта ўвогуле сьмешна. Па-мойму, гэтую ролю прызнаюць нават афіцыйныя гісторыкі — у тых надзвычай рэдкіх выпадках, калі спрабуюць быць аб’ектыўнымі.