«Не — расійскай ядзернай пагрозе!» — галоўны лозунг Чарнобыльскага шляху
Заўтра ў Мінску пройдзе традыцыйнае шэсце «Чарнобыльскі шлях». Збор удзельнікаў прызначаны на 14 гадзіну каля кінатэатру «Кастрычнік».
«Чарнобыльскі шлях» сёлета мае некалькі адметнасцяў. Заяўнікі апазіцыйнай акцыі гэтым разам адмовіліся ад мітынгу. Шэсце мае завяршыцца ўскладаннем кветак ля памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля» на вуліцы Ліліі Карастаянавай.
Галоўным лозунгам сёлетняга шэсця стане «Не — расійскай ядзернай пагрозе!», паведамілі арганізатары.
Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» Юрась Губарэвіч, Ілля Дабратвор, Дзмітры Кучук, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч заявілі, што адмова ад традыцыйнага мітынгу зусім не азначае, што словы ўдзельнікаў шэсця ня будуць пачутыя. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначае, што рэзалюцыя ўдзельнікаў маніфестацыі 26 красавіка рыхтуецца:
Аляксей Янукевіч
«Яе праект будзе раздадзены ў друкаванай форме падчас збору ўдзельнікаў. І мы плануем прагаласаваць за рэзалюцыю перад пачаткам руху калёны. Спадзяёмся, што яе падтрымаюць.
Асноўны лозунг сёлета: „Не — расійскай ядзернай пагрозе!“ Гэта і пагроза, звязаная з атамнай энергетыкай, і з расейскай вайсковай прысутнасцю ў Беларусі, і з расейскім ядзерным шантажом усяго вольнага свету, які ўсё часцей і часцей гучыць з вуснаў ня толькі расейскіх публіцыстаў, але і палітыкаў, прычым высокага роўню. Таму мы заклікаем усіх прыходзіць і прыносіць адпаведныя лозунгі, плакаты і транспаранты».
Сёлета канчатковым пунктам шэсця стане памятны камень каля Чарнобыльскай капліцы — падкрэсліў сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэння партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:
Віталь Рымашэўскі
«У некаторыя мінулыя разы, калі мы давалі заяўку на шэсце з мітынгам ля плошчы Бангалор і ўскладаннем кветак альбо працягам шэсця да Чарнобыльскай капліцы, гэтага часта не дазвалялі. Гэтым разам дазвол атрыманы. Там усталяваныя памятныя знакі на гонар ахвяр Чарнобыля, ліквідатараў. І мы заклікаем прыносіць знічкі, кветкі, дзеля таго каб ушанаваць памяць тых, хто бараніў Беларусь ад радыяцыі, ад чарнобыльскай катастрофы. І тых, хто стаўся ахвярамі злачыннай палітыкі камуністычнай улады на нашай зямлі. Наша шэсце носіць і характар ушанавання памяці людзей.
Другі лозунг сёлетняга „Чарнобыльскага шляху“ — абарона ад радыяцыі, ад наступстваў Чарнобыля».
Чарнобыль спачатку стаў сімвалам экалагічнай катастрофы. Затым — палітычнай. Сёння можна ўжо казаць пра Чарнобыль і як пра сімвал катастрофы сацыяльнай — заявіў першы намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:
Юрась Губарэвіч
«Гэта адчувалася яшчэ ў савецкія часы, калі Чарнобыль закрануў жыцці і здароўе многіх беларусаў, а ўлады нічога не зрабілі, каб папярэдзіць яе істотныя наступствы, якія адчуваюцца яшчэ і сёння. І гэта адчуваецца ня толькі ліквідатарамі, але і іх дзецьмі, нашчадкамі, сем’ямі.
Надалей з прыходам Лукашэнкі да ўлады Чарнобыль стаў асацыявацца з палітычнымі рэпрэсіямі. З'явілася такое паняцце, як палітычны Чарнобыль. І па сёння мы з гэтым сутыкаемся — у нашай краіне ёсць палітвязні.
А апошнім часам ужо мы можам казаць і пра сацыяльны Чарнобыль. Дзяржава паслядоўна падкрэслівае адсутнасць сваёй адказнасці перад грамадствам, адсутнасць падкантрольнасці, любой магчымасці ўплываць на яе рашэнні. Яна не паважае беларускае грамадства. Яна ня толькі кідае ў турмы палітычных апанентаў, але цяпер ужо дазваляе сабе лезці ў кішэні тых, хто ўсе гэтыя гады складаў яе асноўны падмурак. Цярпяць ад бяздумнай эканамічнай палітыкі самыя малазабяспечаныя колы насельніцтва, пенсіянеры. Цяпер узяліся за тых людзей, якія вымушаныя звальняцца з прадпрыемстваў, альбо іх звальняюць — з-за таго, што няма працы, няма нармальных заробкаў. Іх абазвалі дармаедамі. І наша акцыя — добрая нагода, каб сказаць „не“ Чарнобылю ў Беларусі — і экалагічнаму, і палітычнаму, і сацыяльнаму».
Жалобныя акцыі 26 красавіка пройдуць у пацярпелых ад Чарнобыля Магілёўскай і Гомельскай абласцях, да памятных знакаў там ускладуць кветкі, запаляць свечкі. Актывісты апазіцыі збіраюцца наведаць некаторыя выселеныя вёскі ў Магілёўскай вобласці, упарадкаваць мемарыяльныя знакі, ускласці кветкі і запаленыя знічы.
У Магілёве 26 красавіка актывісты апазіцыйных арганізацыяў збяруцца ля крыжа, усталяванага ў памяць пра памерлых ад радыяцыі, каб згадаць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Крыж усталяваны непадалёк ад найбольшых у горадзе Паўднёва-ўсходніх могілак. У гэты жа дзень запланаваны афіцыйны жалобны мітынг ля помніка ахвярам аварыі на ЧАЭС у пасёлку Любуж — на тэрыторыі былой клінікі радыяцыйнай медыцыны.