Новым старшынём Еўракамісіі абраны Жан-Клод Юнкер
Люксембургскі палітык заклікаў правесці ў ЕС шырокамаштабныя рэформы.

На галасаванні ў аўторак, 15 ліпеня, у Страсбургу кандыдатуру былога прэм'ер-міністра Люксембурга Жан-Клода Юнкера, якая вылучаная кансерватыўнай Еўрапейскай народнай партыяй, падтрымалі
422 дэпутаты, паведамляе Reuters.
У сваёй прамове, якая папярэднічала галасаванню, Юнкер заявіў аб патрэбе ўзмацнення канкурэнтаздольнасці еўрапейскай эканомікі і правядзення шырокамаштабных рэформаў.
«Мы адкаціліся назад», — цытуе словы люксембургскага палітыка
агенцтва «Нямецкая хваля».
Адначасова Юнкер прэзентаваў план, які ўключае дзесяць пунктаў для паляпшэння эканамічнага росту і стварэння новых працоўных месцаў у краінах ЕС. Паводле ягоных слоў, лепшым сродкам супраць
беспрацоўя з'яўляюцца прыватныя і дзяржаўныя інвестыцыі. Бліжэйшыя тры гады ён мае намер прыцягнуць на гэтыя мэты дадатковыя 300 мільярдаў еўра праз пераразмеркаванне акцэнтаў у бюджэце ЕС і
стымуляванне прыватных інвестыцый. Адпаведную праграму ён падасць да лютага 2015 года.
«Крызіс яшчэ не закончыўся. Ён скончыцца тады, калі ў нас будзе поўная занятасць. Нам патрэбны эканамічны ўрад, і мы яго створым», — падкрэсліў Юнкер.
Частку сваёй прамовы ён сказаў па-нямецку, заўважыўшы, што «гаворыць на мове чэмпіёнаў свету».
1 лістапада Юнкер зменіць на пасадзе старшыню Еўракамісіі партугальца Жазэ Мануэля Барозу.
charter97.org