Пачобут: «Спыненне спраў «АRCHЕ» і маёй — гэта тактычныя крокі ў нейкіх закулісных перамовах»

Журналіст Андрэй Пачобут атрымаў на рукі і выклаў у Сеціва поўны тэкст пастановы пра спыненне крымінальнай справы супраць яго. З паперы вынікае, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы не праводзіў ніякай лінгвістычнай экспертызы яго тэкстаў.



poczobut.jpeg

А. Пачобут (фота belsat.eu)

Такім чынам, універсітэту спатрэбілася 3, 5 месяцы (з 29 лістапада 2012 г. па 14 сакавіка 2013 г.), каб прыйсці да высновы пра “немагчымасць дачы заключэння”.   

Наколькі верагоднай выглядае такая прычына спынення крымінальнай справы супраць Пачобута?  Ці бачыць журналіст сувязь паміж гэтай падзеяй і нядаўнім рашэннем не ўзбуджаць справы па выніках праверкі “ARCHE-Пачатак”?


«Мне абсалютна зразумела, што ўніверсітэт не з’яўляецца ў беларускай сістэме нейкай самастойнай установай, — зазначыў А. Пачобут у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”. — Ён зрабіў менавіта тое, што ад яго запатрабавалі — гэта значыць, стаўся фармальнай нагодай для “падвешвання” гэтай справы на пэўны час. Я яшчэ не знаёміўся з усімі матэрыяламі справы, і мне цяжка ўявіць, чым яны маглі матываваць сваю адмову ад правядзення экспертызы.  

Я думаю, што ніхто не мае ніякіх ілюзій наконт самастойнасці рашэнняў па маёй справе і па справе “ARCHE-Пачатак” — гэта пэўны накірунак дзяржаўнай палітыкі. Ёсць справы, якія, як вядома, негатыўна ацэньваюцца Захадам, бо маюць прыкметы палітычнага пераследу. Вызваляць палітвязняў Лукашэнка, відаць, лічыць заўчасным. Але ёсць некалькі “падвешаных” справаў, якія можна лёгка рашэннем следчага закрыць. Яны і былі закрытыя — што справа “ARCHE”, што мая... Відавочна, ідуць нейкія закулісныя перамовы наконт паляпшэння стасункаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Хутчэй за ўсё, гэта варта разглядаць як нейкія тактычныя крокі...»  

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"