Падлеткам дазваляецца хадзіць з аўтаматам. Толькі не ўсім

Тое, што непаўналетні Мікалай Лукашэнка ў апублікаваным 23 жніўня прэс-службай яго бацькі відэарэпартажы хадзіў з аўтаматам, не з'яўляецца парушэннем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, бо «адсутнічаюць дастатковыя дадзеныя аб прыкметах злачынства», паведамляе Радыё Свабода.

496075b7_5393_4e3f_965e_129669f82bc5_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg


Так лічаць у Магілёўскім абласным упраўленні міліцыі. Сваю пазіцыю ведамства выклала ў адказе на зварот магілёўскага праваабаронцы Аляксандра Хамратава. Ён пісаў у пракуратуру.
На ягоны погляд, калі ў дзіцяці аўтамат — гэта «незаконнае нашэнне агнястрэльнай зброі, якое ўтварае склад правапарушэння і злачынства». Актывіст прасіў правесці праверку і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці. У сваім звароце ён апісваў, як выглядаў узброены непаўналетні ў відэаматэрыяле прэс-службы Лукашэнкі.
Намеснік начальніка ўпраўлення Уладзімер Рыжанкоў адпісаў актывісту, што «інфармацыя аб прыцягненні да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці за захоўванне і нашэнне зброі — канфідэнцыйная і не падлягае распаўсюджванню трэцім асобам».
Таксама Хамратаў прасіў пракуратуру разабрацца з 15 тысячамі даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка нібыта асабіста ўзяў з рахунку дзяржаўнага прадпрыемства і перадаў Святлане Ціханоўскай для пражывання за мяжой. Актывіст лічыць, што такія дзеянні варта разглядаць «як перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай».
З абласной міліцыі Хамратаву адпісалі, што яму з такім пытаннем неабходна звярнуцца ў органы папярэдняга следства, «у выключнай кампетэнцыі якіх прыняцце рашэнняў па такіх заявах».