«Палатачнікі» не захацелі абмяркоўваць пытанне суверэнітэту Беларусі з ПА АБСЕ
Працоўнай групе Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Беларусі не ўдалося правесці сустрэчу з афіцыйнай беларускай дэлегацыяй.
Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік рабочай групы, дэпутат ПА АБСЕ ад Швецыі Крысціян Хольм.
«На жаль, сустрэчы не адбылося. Я спадзяюся, што мы зможам правесці канструктыўныя сустрэчы падчас будучых сэсій ПА АБСЕ», — падкрэсліў Хольм.
З ягоных слоў, на запрашэнне правесці сустрэчу адказаў кіраўнік беларускай дэлегацыі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі. «Ён сказаў, што не
бачыць сэнсу ў правядзенні сустрэч з такой працоўнай групай», — адзначыў
Хольм.
«Я мяркую, што прычына ў тым, што ён думае, што мы недастаткова канструктыўныя. Я шкадую з гэтай нагоды. Не ў апошнюю чаргу мы хацелі абмеркаваць геапалітычную сітуацыю ў сувязі з
агрэсіўнымі дзеяннямі Расіі», — адзначыў Хольм.
Хольм выказаў надзею, што сустрэча рабочай групы ПА АБСЕ з афіцыйнай беларускай дэлегацыяй усё ж адбудзецца і на ёй будуць прысутнічаць таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і
палітычнай апазіцыі Беларусі. Дэпутат паабяцаў і ў далейшым накіроўваць запрашэнні беларускай дэлегацыі.
Нагадаем, сэсія ПА АБСЕ праходзіць у Баку з 28 чэрвеня да 2 ліпеня. Беларуская афіцыйная старана неаднаразова заяўляла, што не бачыць неабходнасці ў існаванні рабочай групы ПА АБСЕ ў
Беларусі.