Паліцыя Украіны пацвердзіла выбухі каля мяжы з Беларуссю. Але на ўкраінскім баку

Украінская паліцыя завяла крымінальныя справы па факце авіяўдараў, нанесеных па Ровенскай вобласці. Яны адбыліся ў той час, калі шэраг СМІ паведамілі пра магчымыя авіяўдары па вёсках на Століншчыне.

Месца выбуху

Месца выбуху


Паводле паведамлення паліцыі, тры выбухі адбыліся а 15.40 па мінскім часе ў полі каля вёскі Міляч Сарненскага раёна Ровенскай вобласці. У выніку бамбардавання ніхто не пацярпеў, але была пашкоджаная лінія электраперадач.
«Следча-аператыўная група РУУС № 1 (Дубровіца) задакументавала злачынства: звесткі ўнесеныя ў Адзіны рэестр дасудовых расследаванняў па ч.2 ст.110 КК Украіны ("Замах на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны"). Матэрыялы крымінальнай вытворчасці будуць накіраваныя ў СБУ для расследавання», — паведамляе паліцыя Украіны.
Супрацоўнікі паліцыі вывезлі з месца здарэння абломкі і ўстанавілі паходжанне боепрыпасаў.
Вёска Міляч знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад беларускай вёскі Капані, дзе мясцовыя жыхары чулі гул самалётаў і грукат. Украінскія ўлады паведамлялі, што гэта мог быць правакацыйны абстрэл расійскіх пілотаў беларускай тэрыторыі з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну з Украінай. Мінабароны Беларусі заявіла, што паведамленні пра абстрэл беларускіх вёсак з'яўляюцца фэйкам.