Палітычны турызм Лукашэнкі: прыемнае з дарэмным

Чацвёртае па ліку наведванне Лукашэнкам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, сціпла ахарактарызаванае як «працоўны візіт», крыху нечакана аказалася вельмі працяглым. Шматлікая беларуская дэлегацыя знаходзілася там як мінімум з 25 кастрычніка да 2 лістапада.



luk_oae.jpg

Што, праўда, зусім не гарантуе даўно абяцанага прарыву ў стасунках з Абу-Дабі. Ды і з астатнімі манархіямі Персідскай затокі справы ідуць не найлепш.

Традыцыйна намечаная прыгожая лічба — 500 млн долараў


Паводле афіцыйнай інфармацыі, дзелавых кантактаў у беларускага прэзідэнта было няшмат. Да таго ж кідаецца ў вочы амаль поўная адсутнасць канкрэтыкі.
Прынамсі, на сустрэчы з наследным прынцам эмірата Абу-Дабі шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам суразмоўцы толькі далі даручэнні вызначыць 3-4 ключавых праекты, рэалізацыя якіх дазволіла б вывесці стасункі паміж дзвюма краінамі на якасна новы ўзровень.
У мінулым годзе Беларусь і ААЭ нагандлявалі на 49 млн долараў. Калі ўзгадаць, што ў 2006-м гэты паказчык складаў 26 млн долараў, то варта прызнаць наяўнасць росту, хоць і не надта значнага для такога перыяду. У той жа час пры такіх невялікіх абсалютных лічбах цяжка казаць пра ўстойлівую тэндэнцыю.
Нягледзячы на гэта, беларускім бокам было абяцана даць указанне ўраду неадкладна сфармаваць групу тавараў, у якіх маюць патрэбу ААЭ, каб абавязкова ў будучым годзе выйсці на аб'ём тавараабароту ў 500 мільёнаў долараў.
Але падобныя мэты даўно ставяцца практычна на ўсіх перамовах з замежнымі прадстаўнікамі. Вось толькі пра дасягненні іх пакуль казаць складана.

Даўнія, але няпростыя партнёры


Цяжка пагадзіцца з меркаваннем некаторых айчынных аналітыкаў, што Беларусь на арабскім Усходзе шукае замену згубленаму супрацоўніцтву з Венесуэлай. Хоць бы таму, што кантакты з манархіямі Персідскай затокі пачаліся задоўга да дружбы афіцыйнага Мінска з Уга Чавесам.
Пачынаючы з 2001 года, візіты адбыліся ў пяць з іх — з не зусім зразумелых прычынаў выключэнне склала Саудаўская Аравія.
Пры гэтым галоўнымі меркаваннямі заўсёды былі менавіта эканамічныя: спробы пашырыць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, а таксама пошук новых крыніц інвестыцый і крэдытаў, паколькі гэтыя дзяржавы валодаюць велізарнымі свабоднымі фінансавымі рэсурсамі.
Можна, напэўна, пагадзіцца са сцвярджэннем, што ў краінах Усходу асабістыя кантакты маюць адно з ключавых значэнняў для паспяховага супрацоўніцтва. Але гэта толькі неабходная, а не дастатковая ўмова.
Пры самых найлепшых персанальных стасунках шэйхі наўрад ці пагодзяцца ўкладваць грошы туды, дзе адсутнічаюць надзейныя гарантыі іх вяртання альбо досыць высокі ўзровень прыбытку. У адваротным выпадку колькасць паездак на Блізкі Усход ужо даўно перарасла б у якасць...
Аднак яшчэ ў сакавіку 2008 года паводле вынікаў візітаў на вышэйшым узроўні ў краіны Персідскай затокі была праведзеная адмысловая нарада. На ёй Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў увасабленне дасягнутых дамоўленасцей і запатрабаваў нарошчваць тэмпы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з рэгіёнам.
Падобна на тое, гэта не дапамагло, бо ў 2012 годзе сумарны тавараабарот з Кувейтам, ААЭ, Аманам і Саудаўскай Аравіяй склаў 145 млн даляраў з адмоўным для Беларусі сальда звыш 67 млн. Годам пазней з ліку партнёраў выбыў Кувейт, сальда скарацілася да 26 млн, а таваразварот — да 136.

«Вы ведаеце мае патрабаванні: ніякіх турыстычных паездак»


Мяркуючы па ўсім, прычыны няўдач носяць аб'ектыўны характар. З тавараў беларускай вытворчасці на сусветным рынку канкуруюць на роўных толькі нафтапрадукты ды калійныя ўгнаенні, гэта значыць, перапрацаваныя прыродныя рэсурсы, уласныя ці расійскія...
Пераважная ж большасць астатняй прадукцыі карыстаецца попытам толькі ў сілу больш ці менш прымальных суадносін кошту і якасці.
Але ў найбагацейшых арабскіх дзяржаў няма ні неабходнасці браць танна, ні патрэбы ў беларускім бензіне. Таму купляць у шырокіх маштабах ім у Беларусі, па вялікім рахунку, няма чаго. Як следства, цяперашні таваразварот з'яўляецца, відаць, блізкім да аптымальнага, і разлічваць на яго значны прырост малаверагодна.
Што ж тычыцца інвестыцый і крэдытаў, то эканамічную сітуацыю ў нашай краіне патэнцыйныя партнёры напэўна ўяўляюць сабе досыць адэкватна, а таму асабліва рызыкаваць грашыма не хочуць. Наглядным прыкладам стала скасаванне Аманам інвестыцыйнай дамовы аб забудове квартала ў цэнтры Мінска.
Гэта, зразумела, не азначае, што гэтак жа абавязкова паступяць астатнія, тым больш што інвестару і заказчыку прадстаўляецца шэраг істотных ільгот і прэферэнцый. Так, у Мінску заканчваецца будаўніцтва шматфункцыянальнага гасцінічна-спартыўнага комплексу коштам 100 млн даляраў за кошт інвестыцыйнага фонду Узброеных сіл Катара.
Не выключана, што аналагічныя праекты будуць з'яўляцца і ў далейшым, але гандлёвыя цэнтры, пяцізоркавыя гатэлі і іншыя аб'екты такога роду наўрад ці развяжуць у глабальным плане праблемы беларускай эканомікі.
Сапраўды ж ёсць вялікія сумневы, што гэтаму паспрыяе шматлікая світа, якая прыцягнула шырокую грамадскую ўвагу сваім пярэстым складам, што суправаджала першую асобу падчас чарговага наведвання ААЭ.
На фоне каларытных кадраў з Эміратаў успамінаецца заява, што прагучала на згаданай нарадзе 2008 года: «Вы ведаеце мае патрабаванні: ніякіх турыстычных паездак. Калі праводзяцца візіты, а тым больш візіты на вышэйшым узроўні, яны павінны прыносіць краіне канкрэтныя вынікі».
naviny.by